«Газету Слонімскую» улады дабіваюць праз стаматолага
- 20.05.2008, 18:30
Слонімскі лекар-стаматолаг Наталля Кіман хоча спагнаць з карэспандэнта недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Сяргея Васільева грошы за артыкул “Вырваны зуб амаль не стаў прычынай смерці”, апублікаваны ў сакавіцкім нумары выдання.
У артыкуле Сяргей Васільеў распавёў гісторыю хваробы жыхаркі Слоніма Галіны Мароз, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Паводле публікацыі, жанчына ледзьве не памерла пасля таго, як лекар Наталля Кіман выдаліла ёй зуб, а пасля гэтага з-за памылкі стаматолага перанесла некалькі аперацый у абласным шпіталі.
Пацярпелая неаднаразова звярталася ў суд, пісала скаргі на імя начальніка аблздраўаддзела, у Міністэрства аховы здароўя РБ, а таксама ў Міністэрства юстыцыі .
У студзені 2008 годзе суд прызнаў лекарку вінаватай і вынес рашэнне спагнаць 700 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі на карысць Галіны Мароз.
Сяргей Васільеў не выключае, што зварот Наталлі Кіман у суд – працяг ціску ўладаў на “Газету Слонімскую”- адзінае недзяржаўнае выданне Гарадзенскай вобласці.
“Цалкам верагодна, што ўлады маюць пэўнае дачыненне да гэтай справы, бо паводле судмедэкспертызы, якая праводзілася ў Менску, Наталля Кіман здзейсніла прафесійную памылку, а суд Гарадзенскай вобласці не задаволіў яе касацыйную скаргу,” – распавёў журналіст.
26 траўня ў судзе Слонімскага раёна павінны адбыцца першыя слуханні справы. У якасці маральнай кампенсацыі стаматолаг Наталля Кіман патрабуе ад Сяргея Васільева 10 мільёнаў рублёў.
"Газета Слонимская", адзінае з нязнішчаных уладамі незалежных друкаваных выданняў у Гарадзенскай вобласці, апошнім часам сутыкнулася з неверагодным ціскам уладаў.
Напрыканцы красавіка галоўнаму рэдактару Віктару Валадашчуку ўручылі павестку на вайсковыя зборы. Перад гэтым у рэдакцыю прыйшло паведамленне пра скасаваньне дамовы арэнды на памяшканне, якое газета здымала шмат гадоў і мусіць вызваліць да канца траўня.
Рэдакцыю таксама пазбаўляюць ліцэнзіі на раздробны гандаль, у выніку чаго праблематычным стане распаўсюд газеты, а тыдзень таму загадчык псіханеўралагічнага аддзялення Слонімскай цэнтральнай райбальніцы атрымаў ліст, падпісаны кіраўніком мясцовага аддзялення КДБ Аляксандрам Мазальковым з загадам праверыць па ўліках псіханеўралагічнага і наркалагічнага дыспансераў Віктара Валадашчука і яго блізкіх.