BE RU EN

БХК адзначае пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі і рыхтуецца да назірання за «выбарамі»

  • 20.05.2008, 18:37

На сходзе прадстаўнікоў Беларускага Хэльсінкскага камітэту прынята рэзалюцыя, у якой адзначана: парушэнні правоў чалавека ў Беларусі набылі сістэмны характар і падрываюць асновы канстытуцыйнага ладу.

“У краіне вядзецца палітычна матываваны пераслед апанентаў улады, груба абмяжоўваецца свабода мірных сходаў, пераследуюцца незалежныя журналісты і фактычна вядзецца цэнзура СМІ, падвяргаюцца уціску грамадскія і рэлігійныя аб’яднанні, кантрактная сістэма працы выкарыстоўваецца для запалохвання і прыгнёту працоўных, судовая сістэма не адпавядае прынцыпам свабоднага і справядлівага суда. Пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека стала сур’ёзнай перашкодай да еўрапейскай інтэграцыі Беларусі”, -- адзначаецца у рэзалюцыі БХК.

Сход прадстаўнікоў БХК заклікае ўрад Беларусі неадкладна прыняць меры для забеспячэння правоў чалавека, у прыватнасці:

- Вызваліць палітычных вязьняў, што стала б важным сігналам аб гатоўнасці уладаў да дыялогу і супрацоўніцтва дзеля выпраўлення сітуацыі;

- адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, як супярэчны Канстытуцыі Беларусі,

- з удзелам грамадзянскай супольнасці распачаць рэформу заканадаўства і практыкі яго прымянення ў галіне правоў чалавека, каб забяспечыць яго адпаведнасць міжнародным абавязательствам Беларусі і выкананне правоў грамадзян;

- забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Сход прадстаўнікоў нагадвае, што БХК не ставіць палітычных мэтаў і лічыць мэтазгоднай канцэнтрацыю дзейнасці аб’яднання, у тым ліку, на правядзенні маніторынгу выбараў у органы ўлады і іншых тэматычных маніторынгаў па асобных галінах правоў чалавека і прадстаўленне іх у зацікаўленыя нацыянальныя і міжнародныя органы і арганізацыі.

Дзеля забеспячэння ў Беларусі правоў чалавека БХК адкрыты для супрацоўніцтва з любымі асобамі і арганізацыямі, што падзяляюць ягоныя мэты і каштоўнасці. БХК гатовы садзейнічаць дзяржаўным органам, арганізацыям і службовым асобам у справе дэмакратызацыі краіны і абароны правоў чалавека.

Апошнія навіны