BE RU EN

10 краін прайшлі ў фінал «Еўрабачання» у Белградзе (Відэа)

  • 21.05.2008, 1:47

Па выніках першага паўфіналу міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2008", які прайшоў 20 траўня ў Белградзе, названы 10 фіналістаў.

Імі сталі прадстаўнікі Грэцыі, Румыніі, Босніі і Герцагавіны, Фінляндыі, Расеі, Ізраілю, Азербайджана, Арменіі, Польшчы і Нарвегіі. Дзевяць удзельнікаў вызначылі тэлегледачы, яшчэ аднаго - рэзервовыя журы ў краінах-удзельніцах.

За бортам фіналу засталіся Чарнагорыя, Эстонія, Малдова, Сан-Марына, Бельгія, Славенія, Андора, Нідэрланды і Ірландыя, за якую выступаў лялечны індык Дастын.

22 траўня ў другім паўфінале выступяць яшчэ 19 краін: Ісландыя, Швецыя, Турцыя, Украіна, Літва, Албанія, Швейцарыя, Чэхія, Беларусь, Латвія, Харватыя, Балгарыя, Данія, Грузія, Венгрыя, Мальта, Кіпр, Македонія і Партугалія. Прадстаўнік Беларусі Руслан Аляхно выступіць дзевятым з песняй Hasta la Vista.

У фінал, які адбудзецца 24 траўня, наўпрост прайшлі Сербія (пераможца Еўрабачання-2007 і краіна-арганізатар цяперашняга конкурсу), Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя і Іспанія (заснавальніцы "Еўрабачання").

Усяго ў цяперашнім конкурсе ўдзельнічаюць 43 краіны.

"Еўрабачанне" сёлета рашэннем аргкамітэта ўпершыню ладзіцца ў новым фармаце: замест аднаго паўфіналу праходзяць два - 20 траўня і 22 траўня. У іх бярэ ўдзел па 19 выканаўцаў, дваццатка лепшых па выніках галасавання гледачоў выйдзе ў фінал, прызначаны на 24 траўня. Там да іх далучацца яшчэ чацвёра прадстаўнікоў краін-заснавальніц, якія ўдзельнічаюць "па-за конкурсам": Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Іспаніі, а таксама гаспадыні фэсту - Сербіі.

Апошнія навіны