BE RU EN

Беларускія ўлады вырашылі абдурыць «Газпром»?

  • 21.05.2008, 9:09

Беларусь можа зацягваць з пагадненнем аб продажы "Паліміра" і "Нафтана" ў разліку на тое, што тым часам "Газпром" будзе тармазіць рост коштаў на энергарэсурсы, якія паступаюць у краіну.

Як паведаміў учора на сустрэчы з журналістамі намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Міхаіл Асіпенка, продаж акцыяў "Паліміра" і "Нафтана" будзе ладзіцца толькі ў межах адзінага гаспадарчага комплекса, і менавіта на такіх умовах будуць пададзены прапановы ва ўрад.

"Яны кожны добра працуюць паасобку, але "Палімір" менш цікавы для замежных інвестараў. Да таго ж, гэтыя прадпрыемствы аб'яднаны адзіным ланцужком пастаўкі сыравіны", - патлумачыў Асіпенка прычыну аб'яднання ў тандэм. Зрэшты, да такога матыву можна паставіцца з пэўным скепсісам, бо шмат якія прадпрыемствы звязаны тэхналагічнымі ланцужкамі, але іх разам ніхто не прадае, піша газета "Ежедневник".

Варта нагадаць, што рашэнне пра зліццё "Нафтана" і "Паліміра" было прынята яшчэ ў 2006 годзе. І тады менавіта "Палімір" разглядаўся як аб'ект патэнцыйных інвестыцыяў з боку ААТ "Русснефть" і ААТ "Лукойл". У сваю чаргу, "Газпром" таксама разглядаў гэтае прадпрыемства ў якасці свайго магчымага набытку, але аб'яднанне з "Нафтанам" зблытала ўсе карты - аўтаматычна ўзняўся і кошт пытання.

Цяпер, падобна, пакупнік да думкі пра тандэм прызвычаіўся. А таму, як сказаў Міхаіл Асіпенка, да канца гэтага года ва ўрад паступяць прапановы па прыватызацыі "Нафтана" і "Паліміра". Справа - толькі за іх ацэнкай. Як паведаміў намеснік старшыні канцэрна, пры патрэбе гэтую працэдуру здзейсніць незалежны ацэншчык ABN Аmro, які ў свой час назваў кошт "Белтрансгаза". Распавёў Асіпенка і пра магчымыя ўмовы продажу: "Хутчэй за ўсё, доля інвестара будзе парытэтнай з дзярждоляй - мы плануем 50 на 50. Разуменне патэнцыйных пакупнікоў у гэтым плане ёсць".

А вось разумення імкнення продажу НПЗ, некалі сур'ёзнага бюджэтнага карміцеля, з афіцыйных тлумачэнняў не ўзнікае. Зрэшты, можна здагадацца, адкуль вушы, дакладней, трубы растуць.

Як заявіў "Ежедневнику" кіраўнік цэнтра Мізэса АЦ "Стратэгія" Яраслаў Раманчук, продаж двух прадпрыемстваў адным пакетам адбываецца толькі таму, што пакупніка такі звязак задавальняе. Пры гэтым, на думку эканаміста, у выпадку з продажам "Нафтана" і "Паліміра" можа быць разыграны сцэнар, аналагічны перадпродажнай падрыхтоўцы "Белтрансгаза". Гэта значыць, Беларусь можа зацягваць з пагадненнем у разліку на тое, што тым часам "Газпром" будзе тармазіць рост коштаў на энергарэсурсы, якія паступаюць у краіну. Прынамсі, як мяркуе эканаміст, у ролі пакупніка нафтахімічнага тандэму выступае альбо непасрэдна сам "Газпром", альбо афіляваная з ім структура.

Па прагнозах Раманчука, пагадненне можа адбыцца не раней за 2010 год, бо тэхнічныя дэталі перамоўнага працэсу могуць адвабіць расейцаў ад больш жорсткіх крокаў адносна энергетычнага прэсінгу Беларусі. Тут галоўнае - не адпудзіць пакупніка, а распачаць стомнае для яго ўзгадненне тэхнічных дэталяў. Як адзначыў Яраславаў Раманчук, беларускі бок ужо даўно не робіць рэзкіх заяваў з нагоды нежадання прадаваць той ці іншы аб'ект. І такая пазіцыя дазваляе ўжываць тактыку зацягвання перамоваў.

Разам з тым мэту продажу "Нафтана" і "Паліміра" кіраўнік цэнтра Мізэса тлумачыць вельмі проста: гэта - жаданне мінімізаваць рост коштаў на энерганосьбіты. А беларускім заводам у гэтым выпадае роля "адчэпнага".

Апошнія навіны