Пратаколы на апазіцыянераў складаюць ідэолягі
- 21.05.2008, 9:45
Затрыманых наконадні у райцэнтры Вушачы моладзевых актывістаў Кацярыну Салаўёву і Алеся Круткіна аштрафаваў мясцовы суд.
Кожны з дваіх маладафронтаўцаў мусіць выплаціць штраф памерам 30 базавых велічыняў, што складае 1 мільён 50 тысяч рублёў, паведамляе "Радыё Свабода".
Суд прызнаў Салаўёву і Круткіна вінаватымі ў парушэньні артыкула 22.9 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях: згодна з пратаколамі, складзенымі ў пастарунку, моладзевыя актывісты распаўсюджвалі незарэгістраваную друкаваную прадукцыю — налепкі са словамі “Эўрапейская Беларусь” і “Полацак — горад наш!”.
Насамрэч дэмакратычныя актывісты прыязджалі ва Ўшачы, каб сустрэцца з мясцовай моладзьдзю.
Дарэчы, пратаколы на Кацярыну Салаўёву і Алеся Круткіна складалі не міліцыянты, а загадчыца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Вольга Карчэўская, якую адмыслова дзеля гэтага выклікалі з выканкаму ў райаддзел міліцыі.