Леанід Заіка: Улада вырашыла рабіць уласных мільярдэраў
- 21.05.2008, 10:07
Канцэрн "Белнафтахім" заявіў аб продажы прадпрыемстваў "Палімір" і "Нафтан". Дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што такім чынам улады незаконна адбяруць уласнасць у грамадзян, каб падзяліць паміж сабой.
У інтэрв'ю "Немецкой волне" дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка распавёў пра значэнне заводаў для эканомікі краіны і пра тое, што можа прынесці іх продаж.
- "Палімір" і "Нафтан" - гэта пэрліны беларускай прамысловасці. Гэтыя прадпрыемствы можна аднесці да разраду фамільнага срэбра. Яны ствараліся ў часы Савецкага Саюза на грошы працаўнікоў, якія, па-сутнасці, цяпер без іх і застануцца. Што да ацэнкі іх эфектыўнасці, нафтаперапрацоўка ва ўсім свеце залічваецца да вядучых галінаў поруч з фармацэўтыкай і тэлекамунікацыямі. Норма прыбытку ад нафтаперапрацоўкі складае 29 адсоткаў.
Таму асаблівай патрэбы ў іх прыватызацыі няма, бо прадпрыемствы знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. Па маіх разліках, за апошнія сем гадоў на мадэрнізацыю нафтахімічных і хімічных прадпрыемстваў у нас сыходзіла па 1 мільёну даляраў на дзень. Гэта значыць, грошы інвеставаліся вялікія. З пачатку года экспарт павялічыўся на 78 адсоткаў, а адпаведна і валютная выручка.
- Пра што жа тады сведчыць прыняцце рашэння аб продажы такога "фамільнага срэбра"?
- Хутчэй за ўсё, за гэтым стаяць палітычныя прычыны і прычыны іншага кшталту. Цяпер асноўныя расейскія алігархі маюць век у 40-42 гады. Прыватызацыя адбывалася недзе 15 гадоў таму, гэта значыць, мільярдэрамі сталі маладзёны, якім было па 20-27 гадоў. Гэта роўна адпавядае веку дзяцей Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў. Мне здаецца, што дзеці выраслі, і час пераходзіць да іншага варыянту жыцця, час рабіць сваіх уласных мільярдэраў.
- А што, на Ваш погляд, прынясе такі продаж краіне?
- 9 млн 800 тыс беларусаў, як гледачы, будуць атрымліваць асалоду ад гэтага спектакля, калі наменклатура і тыя ці іншыя выгадныя партнёры будуць адымаць у іх уласнасць і дзяліць паміж сабой. Я не бачу ніякіх адмысловых перавагаў для, напрыклад, персанала гэтых заводаў, бо і так іх заробак складае 800 даляраў на месяц, гэта значыць, ён ў два з паловай разы вышэй, чым сярэдні па краіне. І зарплата там наўрад ці павялічыцца.
А што да бюджэтных паступленняў, то, як правіла, замежныя кампаніі, якія выкупляюць тыя ці іншыя прадпрыемствы, робяць стаўку на мадэрнізацыю. Яны будуць укладаць інвестыцыі ў новыя тэхналогіі. У гэтых выпадках заўсёды просяць пра падатковыя палёгкі і іншае. Таму, мне здаецца, нічога асаблівага гэты продаж краіне не прынясе. Яго можна разглядаць як звычайнае пагадненне на апошняй выспе сацыялізму ў Еўропе, дзе засталося ўласнасці на 132 мільярды, і іх павінны паміж сабой размеркаваць эліта і палітычныя лідэры.