Арышты за першамайскую акцыю «Еўрапейскай Беларусі» становяцца масавымі
- 21.05.2008, 12:26
Лідэр “Маладога Фронта” Зміцер Дашкевіч завочна арыштаваны на 7 сутак за першамайскую акцыю грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Таксама завочна асуджаны да арышту ягоны намесьнік Артур Фінькевіч.
«Выгукваў лозунгі, заклікі аб далучэньні Беларусі да Еўразвязу, чым парушыў усталяваны парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў пастанове суда Першамайскага раёну аб арышце лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча.
Неабходна зазначыць, што аніводнага разу пасля 1 траўня ні Змітра Дашкевіча, ні Артура Фінькевіча ніхто не выклікаў ні ў суд, ні ў РАУС. Пры гэтым, паводле ч.1 артыкулу 11.4 Працэсуальна-адміністратыўнага Кодэксу, суд ня мае права разглядаць справу ў адсутнасьці абвінавачваемага, акрамя як у сітуацыях, калі абвінавачваемы прызнаў сваю вінаватасць альбо неаднаразова ігнараваў позвы суду. Адпаведна Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёну супярэчыць закону і не з’яўляецца правамоцным.
Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" прыйшлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзняли на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. У дадатак, дата мае важнае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.
Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПа. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі праз калена, сінія полкі з зоркамі-- адбіралі.
Усяго падчас афіцыйнага мітынгу былі затрыманы каля 30 чалавек. Раней за гэтую ж акцыю былі асуджаныя адзін з лідэраў “Еўрапейскай Беларусі” Мікола Статкевіч і намеснік старшыні «МФ» Артур Фінькевіч.