Амбасадар Францыі: «Мы шакаваныя, што прысуды заснаваныя на закліках да збліжэньня з Эўразьвязам»
- 21.05.2008, 13:02
Амбасадарка Францыі ў Беларусі Мюрэй Мюсо, якая зьяўляецца прадстаўніком Эўразьвязу ў Беларусі, пракамэнтавала чарговую сэрыю арыштаў за ўдзел у акцыі, якую ладзілі сябры грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» 1 траўня.
«Мы выказваем глыбокае шкадаваньне ў сувязі з прысудамі, вынесенымі Зьмітру Дашкевічу, а таксама Міколе Статкевічу й Артуру Фінькевічу, якія прымалі ўдзел у сьвяткаваньні 1-га траўня. Мы нагадваем, што свабода сходаў і свабода выказваньня думак зьяўляюцца фундамэнтальнымі правамі кожнага грамадзяніна дэмакратычнай краіны і заклікаем беларускія ўлады да выкананьня гэтых правоў у межах абавязацельстваў, прынятых на сябе Беларусьсю, якая зьяўляецца сябрам ААН і АБСЭ. Мы асабліва шакаваныя тым, што прысуды заснаваныя на закліках маніфэстантаў да збліжэньня з Эўразьвязам, у той час, калі беларускія ўлады выказваюць пастаяннае жаданьне да правядзеньня больш шчыльнага дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам па ўсіх накірунках», - заявіла Мюрэй Мюсо ў інтэрвію прэ-службе МФ.
Нагадаем, сёньня суд Першамайскага раёну пакараў на 7 сутак арышту лідэра “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча. Судовы працэс адбываўся паводле пратаколу, складзенага на Зьмітра за ўдзел у акцыі «Дзень Эўропы», якую ладзілі сябры кампаніі «Эўрапейская Беларусь» 1 траўня 2008 года ля Нацыянальнай бібліятэкі. Раней за гэтую ж акцыю былі асуджаныя на 15 сутак лідэр БСДГ Мікола Статкевіч і на 7 сутак намесьнік старшыні «МФ» Артур Фінькевіч.
Усяго падчас афіцыйнага мітынгу былі затрыманы каля 30 чалавек. Затрыманых даставілі ва Упраўленне ўнутраных справаў Першамайскага раёна. Праз некалькі гадзін большасць з іх была вызвалена без складання пратаколаў. Пратаколы па артыкулах 23.34 і 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі адпаведна) былі складзены адносна некалькіх чалавек. У іх ліку – Зміцер Дашкевіч, Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Артур Фінькевіч.
«Выгукваў лозунгі, заклікі аб далучэньні Беларусі да Еўразвязу, чым парушыў усталяваны парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў пратаколах, складзеных на актывістаў.