Дзяржчыноўнікам «зрэжуць» адпачынкі
- 21.05.2008, 13:33
Папраўкі ў пэўныя законы, якія прадугледжваюць скарачэнне працоўных адпачынкаў дзяржаўным чыноўнікам і "парламентарыям", прыняты ў першым чытанні ніжняй "палатай" беларускага "парламента".
"Праект закона падрыхтаваны ў мэтах парадкавання прызначэння працоўных адпачынкаў дзяржчыноўнікам і ўніфікацыі падыходаў па працягласці працоўных адпачынкаў, замацаваных у Працоўным кодэксе. У адпаведнасці з гэтым істотна змяняецца падыход да прызначэння працоўных адпачынкаў працаўнікам, скарочана іх працягласць, спарадкаваны ўмовы прызначэння", - заявіў у "парламенце" міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык.
Як паведамляе "Інтэрфакс", законапраектам прадугледжана прызначэнне дзяржчыноўнікам і "дэпутатам" "парламента" асноўнага працоўнага адпачынку ў 28 каляндарных дзён. Акрамя таго, адзначыў У.Патупчык, праектам закона вызначаецца права на дадатковы адпачынак працягласцю 2 дні пасля 5-ці гадоў дзяржслужбы і 4-х дзён - пасля 10-ці гадоў такой працы. "Такім чынам, максімальная працягласць працоўнага адпачынку для дзяржчыноўнікаў складзе 32 дні, у той час як на сёння яго максімальная працягласць складае 36 каляндарных дзён", - адзначыў міністр працы і сацабароны Беларусі.