Амерыканскія кампаніі скарацілі інвестыцыі ў Беларусь
- 22.05.2008, 10:13
Па выніках I квартала 2008 года, які адзначыўся дыпламатычным крызісам у адносінах Беларусі і ЗША, адбылося скарачэнне аб'ёмаў амерыканскіх інвестыцыяў у беларускую эканоміку.
Як вынік, ЗША выбылі з першай дзесяткі асноўных інвестараў у Беларусь, саступіўшы сваё месца Брытанскім Віргінскім астравам, піша інтэрнэт-выданне "Ежедневник".
Калі ў I квартале 2007 года агульны аб'ём інвестыцый з ЗША складаў пад 21,2 млн даляраў, то ў аналагічны сёлетні перыяд - толькі 18 млн даляраў. Назіралася памяншэнне і наўпростых капіталаўкладанняў: яны скараціліся з 11,4 млн даляраў у студзені - сакавіку 2007 года да 10,7 млн даляраў у студзені - сакавіку 2008 года.
У той самы час амерыканскія кампаніі застаюцца сярод лідэраў па аб'ёмах укладанняў у статутныя фонды сумесных і замежных прадпрыемстваў. Усяго ў I квартале ўнёскі замежных інвестараў у статутныя фонды СП і ІП склалі каля 98 млн даляраў. Нават нягледзячы на нязначнасць сумы (1,9 млн даляраў), амерыканскія бізнэсмэны занялі 5-е месца.
Безумоўнае ж лідэрства па гэтым паказніку засталося за расейцамі - 70,4 млн даляраў. У першую пяцёрку ўвайшлі таксама інвестары з Кіпра - 11 млн, з Нямеччыны - 4,2 млн і Вялікабрытаніі - 3,3 млн даляраў.
Нагадаем, яшчэ 13 лістапада 2007 года Мінфін ЗША увёў санкцыі адносна канцэрна "Белнафтахім". У прыватнасці, яны прадугледжвалі замарожванне ўсіх змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрна "Белнафтахім" і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Гэй". Да таго ж, амерыканскім бізнэсмэнам загадвалася ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.
У сакавіку 2008 года былі апублікаваны ўдакладненні, паводле якіх пад дзеянне санкцыяў траплялі прадпрыемствы, дзе "Белнафтахім" валодае наўпростым або ўскосным прыбыткам памерам у 50% ці болей.
Пасля гэтага з Вашынгтона для кансультацыяў быў адкліканы амбасадар Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка Менск з патрабавання беларускага боку пакінула амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Пасля амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амбасада ЗША заявіла аб прыпыненні разгляду заяваў на атрыманне і выдачу візаў. 27 сакавіка Менск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.
31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне пра дадатковае скарачэнне персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. ЗША адмовіліся яшчэ раз скарачаць колькасць сваіх супрацоўнікаў. 30 красавіка МЗС Беларусі абвясціў 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата. 3 траўня яны пакінулі Беларусь.