У чарзе па кватэру беларусам давядзецца стаяць у сярэднім 24,5 гады
- 23.05.2008, 9:44
У Беларусі ў спісе грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, на пачатак 2008 года пазначана 717,5 тыс. чалавек. Гэта на 94,4 тыс. болей, чым год таму, паведаміла карэспандэнту БелТА прэс-сакратар Міністэрства статыстыкі і аналізу Алена Кандраценка.
Па статыстычных звестках, 160,5 тыс. грамадзян (22%) стаялі на ўліку 10 гадоў і больш, 149 тыс. (21%) жылі ў інтэрнатах, 19,3 тыс. (3%) - у кватэрах, занятых некалькімі наймальнікамі. Каля 2,2 тыс. чалавек (0,3%) жылі ў дамах, прызнаных для гэтага непрыдатнымі.
З агульнай колькасці грамадзян, унесеных у спісы асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў - 337,5 тыс. маладых сем'яў (47%), 17,5 тыс. шматдзетных сем'яў (2,4%), 19,6 тыс. чалавек з правам на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання (2,7%).
Летась атрымалі жытло 38,5 тыс. чалавек, або 6,2% ад усяго спісу асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Сярод іх 14,5 тыс. маладых сем'яў, 4,1 тыс. шматдзетных сем'яў, 1,7 тыс. грамадзян, якія прэтэндуюць на сацыяльнае жытло.
У параўнанні з 2006 годам колькасць тых, хто атрымаў жытло, павялічылася на 4,5 тыс. чалавек (на 13%). Колькасць шматдзетных сем'яў, якія палепшылі жыллёвыя ўмовы, узнялася на 0,4 тыс. (на 10%), а колькасць маладых сем'яў - на 1,8 тыс. (на 14%).
Паказнікам інтэнсіўнасці рашэння жыллёвай праблемы з'яўляецца сярэдні час знаходжання грамадзян на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, адзначыла Алена Кандраценка. Калі ў 1990 годзе пры тагачасных тэмпах будаўніцтва сярэдні час знаходжання сем'яў на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, у цэлым па рэспубліцы складаў 7,5 гады, то ў 1995 годзе - 19,5 гады, у 2005 годзе - 18 гадоў, у 2006 годзе - 18,3 гады, у 2007 годзе - 18,6 гадоў. Пры гэтым найбольш вострая жыллёвая праблема адчуваецца ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу. Так, летась паказнік сярэдняй працягласці знаходжання гараджан на ўліку асобаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў склаў 24,5 гады, у той час як у сельскіх населеных пунктах - 5 гадоў.