BE RU EN

Міхаэль Хармс: «Пры цяперашніх палітычных умовах інвестыцыі ў Беларусь не пойдуць»

  • 23.05.2008, 14:16

Афіцыйны Менск заявіў аб планах па прыватызацыі буйных прампрадпрыемстваў. Па меркаванні Міхаэля Хармса, эксперта Ўсходняга камітэта нямецкай эканомікі, без рашэння палітычных праблемаў Беларусь не можа разлічваць на сур'ёзныя інвестыцыі.

У інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" Міхаэль Хармс распавёў, пры якіх умовах заходнія бізнэсмэны гатовыя інвеставаць у беларускую эканоміку.

- Наколькі прывабная Беларусь для замежных інвестыцый у параўнанні з яе суседзямі?

- Беларусь - гэта, напэўна, адна з тых нешматлікіх усходнееўрапейскіх краін, якая прыцягнула пакуль вельмі мала замежных інвестыцый. Вядома, умовы для вядзення бізнэсу ў Беларусі неідэальныя. Гэта звязана, першым чынам, з актыўным дзяржаўным умяшаннем у эканоміку і недасканалымі рамачнымі ўмовамі, а таксама недастаткова развітой сістэмай абароны інвестыцый.

З іншага боку, у Беларусі ёсць две пазітыўныя ўмовы для замежных інвестыцый: краіна здолела захаваць свой прамысловы патэнцыял, прафесійнае навучанне - так што ёсць досыць добрыя кваліфікаваныя кадры.

- Нямецкі бізнес найбольш актыўны ў Беларусі ў параўнанні з іншымі замежнымі інвестарамі. Ці гатовы ён павялічыць сваю інвестыцыйную актыўнасць? Што для гэтага трэба зрабіць?

- Я думаю, гэта залежыць ад некалькіх фактараў. Па-першае, гэтае рашэнне палітычных праблем і прарыў той палітычнай блакады, якая цяпер ёсць у адносінах Беларусі, паляпшэнне адносін з Еўрапейскім звязам. Гэта ў першую чаргу залежыць ад самой Беларусі. ЕЗ да гэтага гатовы. Я думаю, што пры цяперашніх палітычных умовах вялікія інвестыцыі ў Беларусь пакуль не пайдуць. Па-другое, ад гатовасці Беларусі рэальна прыняць замежныя інвестыцыі і забяспечыць празрыстыя і раўнапраўныя ўмовы для вядзення бізнэсу. Па-трэцяе, Беларусь сапраўды павінна быць гатовая аддаць або прыцягнуць замежныя інвестыцыі ў стратэгічныя, сапраўды цікавыя прадпрыемствы. Гэта значыць, павінныя быць пэўныя прапановы для ўдзелу замежных інвестараў, разглядацца яны павінныя для кожнага прадпрыемства, заводу.

- Як Вам уяўляецца, куды менавіта, у якія галіны беларускай эканомікі нямецкі капітал можа пайсці найбольш ахвотна?

- Ну, заўсёды з боку Беларусі называецца ў першую чаргу, вядома, усё, што звязана з энергетыкай, нафтахіміяй, перапрацоўкай нафтахімічных матэрыялаў. Я думаю, гэта адна з самых прывабных галін. Але я думаю, што Беларусь не павінная спадзявацца толькі на перапрацоўку расейскіх энерганосьбітаў. Беларусь як высокаіндустрыяльная краіна мае магчымасць стаць нейкай прамысловай зонай паміж ЕЗ і Расеяй з выхадам на вельмі вялікі расейскі рынак, з геаграфічнай блізкасцю да Еўропы, з добрай, але досыць таннай працоўнай сілай. Таму я думаю, што ўпор нямецкія інвестары маглі б зрабіць на прамысловую вытворчасць, высокатэхналагічную прадукцыю, прадукцыю з высокім дадатковым коштам, дзе патрэбен інжынерна-тэхнічны патэнцыял.

- Давайце крыху пафантазіруем. Першае прадпрыемства, якое збіраюцца прадаваць беларускія ўлады, гэта, як вядома вытворчае аб’яднанне «Белшына». Як Вы лічыце, нямецкі аўтамабільны канцэрн Continental гатовы выкласці мільярд даляраў, аб якіх гавораць беларускія ўлады, каб атрымаць кантроль над «Белшынай»?

- Я не гатовы казаць аб пэўных сумах. Мільярд даляраў мне здаецца занадта вялікай сумай. Але тое, што Continental далей будзе дыверсіфікаваць свая вытворчасць і адчыняць новыя вытворчасці ў краінах з нізкай коштам працоўнай сілы - гэта безумоўна. Гэта паказвае прыклад Румыніі, дзе ў Continental ёсць ужо чатыры заводы, і, паміж іншым, не толькі для вытворчасці шын, але і ў высокатэхналагічных абласцях. Я думаю, Беларусь тут не горш, але толькі пры ўмовах, якія я ўжо назваў, гэта значыць палітычная разрадка, рамачныя ўмовы і гатовасць рэальна пусціць у краіну замежны бізнэс.

Апошнія навіны