Канфлікт з Літвой: у беларускай турме пяты месяц сядзіць літоўскі бізнэсмэн
- 23.05.2008, 16:49
Віцэ-міністр эканомікі Літвы Вітаўтас Наудужас заявіў аб магчымым ахладжэнні двухбаковых літоўска-беларускіх адносінаў.
Ён сказаў, што гэта адбудзецца ў выпадку, калі беларускі бок не вырашыць пытанне з затрыманнем вядомага літоўскага прадпрымальніка, якога ўтрымліваюць ў беларускай турме ўжо пяты месяц, паведамляе Delfi.
"Наша пазіцыя, падобна, улічаная, і справа, нарэшце, ссунулася з мёртвай кропкі, паколькі прапанаваныя некаторыя кампрамісы. Мабыць, ён будзе адпушчаны на волю пад заклад, а гэта ўжо вялікае дасягненне", - сказаў В.Наудужас.
Гаворка ідзе аб знаходзячымся у беларускай турме Альвідасе Яблонскасе, кіраўніку Літоўскай асацыяцыі мытных пасярэднікаў.
"Гэта вельмі вядомы чалавек не толькі ў Літве, але і ў Еўропе. У канцы мінулага года А.Яблонскіс адкрыў сур'ёзны бізнэс у Беларусі, але праз усяго некалькі месяцаў, у канцы студзеня пачаў скардзіцца амбасадзе на магчымыя непрыемнасці", - паведаміў В.Наудужас.
Па ягоных словах, А.Яблонскіс працаваў на ўнутраным рынку Беларусі паводле вельмі складанага і заблытанага беларускага заканадаўства.
"Праз некаторы час пасля пачатку ягонай дзейнасці ў Беларусі заднім чыслом была прынятая папраўка да закона, і ён, відаць, павінен быў пералічыць бухгалтэрыю, але не паспеў гэта зрабіць", - растлумачыў В.Наудужас.