Украіна, Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова яшчэ больш зблізяцца з Еўразвязам
- 23.05.2008, 17:31
Для паглыблення супрацоўніцтва паміж Еўразвязам і ягонымі ўсходнімі суседзямі Польшча прапаноўвае стварыць Усходняе партнёрства. З такой ініцыятывай на саміце ЕЗ у Брусэлі ў чэрвені выступіць прэм'ер-міністр Польшчы, паведамляе польская Gazeta Wyborcza.
Па дадзеных газеты, ініцыятыву падтрымліваюць Германія, Швецыя, Вялікабрытанія і Данія. Па паведамленні выдання Dziennik, Польшча таксама жадае прапанаваць стварыць новую пасаду ў рамках Еўразвяза - намеснік міністра замежных справаў ЕЗ па пытаннях энергетычнай бяспекі. Кандыдатам на гэты пост польскі бок бачыць свайго былога прэм'ера Ежы Бузека.
Па дадзеных Internatonal Herald Tribune, Швецыя прасовае ініцыятыву сумесна з Польшчай. Заклік сканцэнтравацца на ўсходніх суседзях, першым чынам, Украіне, выкліканы асцярогамі, што па-праеўрапейску наладжаным групам у Кіеве неабходна больш падтрымкі з Брусэля, калі ЕЗ жадае, каб Украіна рухалася хутчэй у напрамку Еўропы, чым Масквы. Акрамя Ўкраіны прапаноўваецца ўзмацніць сувязі з Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам. Мяркуецца ўзмацненне супрацоўніцтва ў сферы бязвізавага доступу для грамадзян названых краін, а таксама ў вобласці стварэння зон вольнага гандлю паслугамі і сельскагаспадарчай прадукцыяй. Улічваючы эканамічнае становішча Ўкраіны і Малдовы, ім першым будзе прапанаванае такое партнёрства, паведамляе выданне, спасылаючыся на ананімныя дыпламатычныя крыніцы ў Еўразвязе.
Як заявіў газеце польскі міністр па справах Еўропы Мікалай Даўгілевіч, "у будучыні Польшча хацела бы мець з ўсімі гэтымі краінамі дамовы аб вольным гандлі".
Што датычна Беларусі, прапаноўваецца супрацоўнічаць з ёй толькі ў тэхнічных аспектах датуль, пакуль у гэтай краіне "парадкі не стануць больш дэмакратычнымі".