Лявон Баршчэўскі: «Беларусь чакае змена ўлады»
- 24.05.2008, 14:39
«Беларусь чакае змена ўлады, але не па стандартным сцэнарыі ў выглядзе выбараў. Сцэнарыі будуць іншыя», -- лічыць старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.
"Аўтаматычна са зменай улады бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" вернуцца ў якасці дзяржаўных сімвалаў", — заявіў Лявон Баршчэўскі 23 мая ў Мінску на пасяджэнні маладзёжнага дыскусійнага клуба "Як вярнуць "Пагоню".
У якасці прыкладу палітык прывёў Румынію: з падзеннем рэжыму Чаушэску краіна вярнулася да гістарычных сімвалаў, "якія пасля засталося толькі ўзаконіць", і Грузію, якая вярнулася пасля "рэвалюцыі ружаў" да гістарычнага сцяга.
Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Л.Баршчэўскі абвергнуў заявы аб тым, што ў 1991 годзе бел-чырвона-белы сцяг у якасці новага сімвала дзяржавы ў Авальную залу ўнёс Аляксандр Лукашэнка. "25 жніўня 1991 года ў Авальную залу бел-чырвона-белы сцяг унёс касманаўт Уладзімір Кавалёнак. Ён проста ішоў у парламент, і ў гэты час перад парламентам праходзілі мітынгі. Ён банальна ўзяў у аднаго з удзельнікаў мітынгу гэты сцяг і панёс яго ў залу пасяджэнняў. Усе іншыя ўдзельнікі гэтага "шэсця", у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, прыстроіліся і ішлі за ім", — сказаў Л.Баршчэўскі.
Дыскусійны клуб быў заснаваны ў 2003 годзе маладзёжным крылом Партыі БНФ. Ён рэгулярна праводзіць дыскусіі на актуальныя эканамічныя, грамадскія і культурныя тэмы.