Настаўнікі супраць Адміністрацыі прэзідэнта
- 26.05.2008, 9:02
У пятніцу 16 траўня адбылося чарговае і, як было заяўлена, апошняе паседжанне спецыяльнай камісіі па рэфармаванні сярэдняй школы. Праект дэкрэту аб адмене 12-годкі ўжо гатовы і будзе скіраваны на ўзгадненне Аляксандру Лукашэнку.
Дзіўна, але распрацоўкай новых параметраў сярэдняй школы не ў меншай ступені, чым Міністэрства адукацыі, займаецца менавіта прэзідэнцкая Адміністрацыя, адзначае "Народная воля". Нават спецыяльную камісію, якая была створана пасля памятнага красавіцкага паседжання ў Аляксандра Лукашэнкі з нагоды мэтазгоднасці 12-гадовага навучання ў сярэдняй школе, узначаліў не міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, а намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў. Апошні, дарэчы, і быў прыхільнікам цвёрдых рэформаў школы. Анатоль Рубінаў прапаноўваў не проста вярнуць 11-годку, але і падагнаць яе пад узор савецкай школы: зліквідаваць гімназіі і ліцэі, усе школы зрабіць базавымі, і толькі ў некаторых адкрыць спецыялізаваныя класы - з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы і фізіка-матэматычнага профіля.
Усе аргументы намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі зводзіліся да таго, што савецкая адукацыя была лепшай у тым плане, што была сістэматызаванай, што ўсе школьнікі незалежна ад месца пражывання вучыліся па адных праграмах і былі ў роўных умовах пры паступленні ў вну. Другі аргумент: на лішні год вучобы марнуюцца вялікія бюджэтныя грошы, у то час як у краіне нестае працоўнай сілы.
Чыноўнікі з Мінадукацыі выступалі супраць такіх кардынальных зменаў. Свой голас у абарону цяперашніх праграм узнялі і настаўнікі. Бо адзін з варыянтаў прапаноўваў не толькі прымагляваць пад адзін грэбень усе школы краіны, але і скараціць колькасць урокаў гісторыі, спевы, прыбраць са школьнага раскладу такі прадмет, як "Айчынная і сусветная мастацкая культура". Неверагодна, але педагогі закідалі лістамі Міністэрства адукацыі, Адміністрацыю прэзідэнта і дзяржаўныя газеты. І, па ўсім відаць, гэта падзейнічала. Настолькі, наколькі можна ў сучаснай Беларусі. Прынамсі, на стол Аляксандру Лукашэнку ляжа праект дэкрэту з улікам меркавання педагогаў.
Што прапануецца?
11-гадовай школа мусіць стаць ужо ў наступным годзе. Калі гэта адбудзецца, значыць, абітурыенцкая кампанія 2009 года стане шматколькаснай, конкурсы ў вну будуць вельмі высокія. Бо адначасова выпускнікамі стануць дзеці, якія скончаць школу па сістэме 11-гадовага навучання, і да іх дададуцца вучні, якія цяпер займаюцца ў 10-м класе па праграме 12-годкі. Апошнім належыць за адзін год адужаць праграму двух гадоў. Ці сумленна гэта? Ды і па якой праграме яны будуць вучыцца?
Зрэшты, па якіх падручніках і якіх праграмах будуць вучыцца ўсе школьнікі, - пытанне адкрытае. Чальцы камісіі лічаць, што трох летніх месяцаў на карэктоўку вучэбных праграмаў будзе дастаткова. Пра тое, што прапануецца дакладна, чальцы камісіі пакуль лічаць за лепшае маўчаць. Ніхто з іх не наважваецца нават сказаць, ці застанецца ў школьнай праграме такі прадмет, як "Айчынная і сусветная мастацкая культура", ці застанецца прадмет "Гісторыя Беларусі".
Вядома толькі, што пераход на 11-гадовае навучанне прапануецца здзейсніць адначасова з пераходам на пяцідзёнку. Па суботах школьнікам 5-9-х класаў будуць прапанаваны толькі спартовыя заняткі і выхаваўчыя гадзіны. Старшакласнікі ў гэты дзень змогуць наведваць факультатыўныя заняткі, на якіх будзе праходзіць паглыбленае вывучэнне таго ці іншага прадмета. Прычым заняткі гэтыя будуць не абавязковымі, а па жаданню. Профільнае навучанне ў старэйшых класах адмяняецца.
Па просьбах настаўнікаў і бацькоў пакуль вырашана захаваць гімназіі і ліцэі, а таксама ліцэйныя класы ў агульнаадукацыйных школах.
Акрамя гэтага, насуперак прапановам некаторых дзеячоў вярнуць савецкую пяцібальную сістэму адзнакі ведаў, 11-гадовая школа захавае дзесяцібальную сістэму адзнак, а паступленне ў вну па-ранейшаму будзе ладзіцца ў форме цэнтралізаванага тэставання.
І, нарэшце, прыемная навіна. Летнія вакацыі захаваюцца. Працягласць вучэбнага года вызначана з 1 верасня па 1 чэрвеня.
Замест каментара
Інтэрнэт поўны меркаваннямі спецыялістаў з нагоды рэформы сярэдняй адукацыі, пільна абвешчанай у Беларусі. Мы вырашылі прапанаваць толькі некаторыя з іх, змешчаныя на сайце "Завтра твоей страны":
Уладзімір МАЦКЕВІЧ, метадолаг:
- Сёння сярэдняя школа сутыкнулася з наступствамі, якія насамрэч маглі быць не толькі прадказанымі. Яны былі відавочнымі ўжо тады, калі пачынаўся пераход на 12-гадовае навучанне. Нельга перайсці на 12-гадовую адукацыю (калі выпускнік сыходзіць са школы ў 18 ці ў 19 гадоў) без рэфармавання прафесійнай і вышэйшай адукацыі, без пераходу на прафесійнае войска, без узгодненай палітыкі ў абсягу працы і занятасці. Такога кшталту маштабныя рэформы не могуць здзяйсняцца па адной. Гэта комплексныя рэформы, да якіх патрабуецца адпаведнае інтэлектуальнае праектнае забеспячэнне. Яго няма. Вось калі б да гэтага рыхтаваліся пяць гадоў, гэта прайшло бы небалюча. А калі смажаны певень дзяўбнуў, тады пачынаецца паніка: "Давайце адменім 12-годку!" Але рэч у тым, што адмена толькі спараджае іншыя праблемы.
Таццяна КАЎКА, былая намесніца міністра адукацыі:
- Цяпер выпускнікі школ, якіх не кранула гэтая рэформа, прыходзяць у вну абсалютна непадрыхтаванымі. Я гэта ведаю з ўласнага досведу працы ў вышэйшай школе. І выкладчыкам вну даводзіцца марнаваць і час, і дзяржаўныя грошы на тое, каб паўтараць з імі школьныя асновы. 12-ы год забяспечвае пераемнасць адукацыі. Вяртанне да 11-годкі - гэта тая эканомія, пра якую кажуць "скупы двойчы траціць". Гэта адгукнецца вельмі вялікімі праблемамі для вышэйшай школы і навукі.
Уласна, 11-12-я класы задумляліся толькі для тых, хто будзе паглыблена вывучаць профільныя прадметы і потым паступаць у вну на пэўную спецыяльнасць. І я думаю, гэта быў даволі разумны крок. Прынамсі, ён адпавядаў сусветным тэндэнцыям. Не могуць памыляцца ўсе – адзін Іван шыхтом ісці, а ўся рота не.
Узяць, да прыкладу, Нямеччыну, дзе школьная адукацыя, як і ў Беларусі, бясплатная. У пачатковых класах дзеці вучацца 4 гады (у некаторых выпадках 6 гадоў), далей яны выбіраюць поўную народную ці рэальную школу, пасля сканчэння якой можна паступаць у прафесійныя вучэльні або здаць іспыты і паступіць у гімназію. І толькі выпускнік гімназіі, які змог скончыць 11-13-я класы, можа паступаць у вну. Да гэтага часу і вучань зразумее, чаго хоча ад жыцця, і універсітэтам лягчэй з матываванымі студэнтамі.