Віцебскага праваабаронцу цягам 9 гадзінаў дапытвалі ў КДБ
- 26.05.2008, 11:31
23 траўня на кватэру да вядомага віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка нечакана ўламіліся тры супрацоўнікі КДБ з загадзя падрыхтаванымі панятымі.
Гаспадару кватэры яны прад’явілі пастанову пракуратуры аб узбуджэньні крымінальнай справы па арт. 130.1 Крымінальнага кодэксу РБ (распальваньне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасьці). Згодна пастановы, Леанід Сьвецік зьяўляецца сьведкам па факце пагрозаў да некаторых грамадзянаў з боку мясцовага РНЕ, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Яны папярэдзілі, што на гэтай падставе ў кватэры адбудзецца ператрус. Ператрус, якім кіраваў дазнавальнік, старшы лейтэнант КДБ Д. Садковіч, цягнуўся з 9 раніцы да 18 гадзінаў вечару. Падчас ператрусу былі забраныя для правядзеньня далейшых сьледчых дзеяньняў кампутар, іншае тэхнічнае абсталяваньне, праваабарончая друкаваная прадукцыя, сярод якой былі каляндарыкі, прысьвечаныя 60-годдзю заснаваньня ААН.
Затым, разам з канфіскаванымі матэрыяламі і аргтэхнікай, супрацоўнікі КДБ адвезьлі Леаніда Сьвеціка ва ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці. Дазнавальнік Д.Садковіч дапытваў праваабаронцу больш за дзьве гадзіны. Допыт здымаўся на відэакамеру. Потым ён ўручыў Л.Сьвеціку позву для далейшага допыту ў якасьці сьведкі на 28 траўня.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) праваабаронца Алесь Бяляцкі пракаментаваў гэты інцэндэнт як факт грубейшага парушэньня правоў чалавека.
«Відавочна, што непрыкрыты ціск уладаў на віцебскага правабаронцу Леаніда Сьвеціка зьвязаны з ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасьцю і бескампраміснай грамадзянскай пазіцыяй, скіраванай на абарону правоў беларускіх грамадзянаў. У 2007 годзе ён быў звольнены з працы выкладчыка да сканчэньня тэрміну кантракту. Сёньня ж улады нахабна прадэманстравалі свой цынізм, фактычна абвінавачваючы праваабаронцу ў распальваньні нацыянальнай варожасьці. У той час як Леанід Сьвецік наадварот дапамагаў людзям, якія атрымлівалі пагрозы ад РНЕ зьвяртацца ў дзяржаўныя органы з мэтаю абароны іхніх правоў», - падкрэсьліў Бяляцкі.
У сувязі з гэтым ён падкрэсьліў, што канфіскаваныя оргтэхніка і паперы тычыліся менавіта праваабарончай дзейнасьці Л.Сьвеціка, і нагадаў, што віцебскім правааабронцам апошнім часам было падрыхтавана 5 скаргаў, што тычыліся парушэньняў уладамі правоў беларускіх грамадзянаў і якія былі прынятыя да разгляду Камітэтам па правах чалавека ААН у Жэневе.
Бяляіцкі таксама дадаў, што беларускія праваахоўныя органы звычайна “не даюць прававой ацэнкі праявам экстрэмізму ў дзейнасьці неанацысцкіх груповак ў краіне, а замест гэтага аказваюць маральны і псіхалагічны ціск на праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў”.