Цэнтравыбаркам спалохаўся байкоту
- 26.05.2008, 14:27
«Ігнаруючы выбары, палітычныя партыі адмаўляюцца ад выканання сваёй галоўнай мэты — заваёвы ўлады», -- заявіў у інтэрв'ю БелаПАН сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.
«Галоўная мэта любой палітычнай партыі — заваёва і ажыццяўленне ўлады. Гэта паліталагічная ісціна», — падкрэсліў ён.
Па ягоных словах, «законным шляхам уладу можна заваяваць толькі праз выбары, астатнія шляхі — незаконныя». «Таму калі палітычныя партыі не ўдзельнічаюць у выбарах, байкатуюць іх, то яны, па сутнасці, адмаўляюцца ад сваёй галоўнай мэты», — адзначыў сакратар Цэнтравыбаркаму.
М.Лазавік таксама лічыць, што «калі апазіцыя пойдзе на выбары адзіным фронтам, гэты варыянт быў бы для яе больш выйгрышным». «Аднак пакуль практыка паказвае, што заявы аб адзінстве дзейнічаюць на этапе падрыхтоўкі да вылучэння, а пазней дзейнічаюць іншыя прынцыпы: раз’яднанасць, няўзгодненасць у дзеяннях. Хоць я досыць глыбока і не аналізаваў сітуацыі ва ўзаемаадносінах палітычных партый, на мой погляд, усё ж такі ўзгодненасці ў іх, дастатковай, каб ісці на выбары адзіным фронтам, на сёння няма», — адзначыў ён.
Нагадаем, што ўвосень 2008 года ў Беларусі павінныя адбыцца парламенцкія «выбары». У сувязі з узмацненнем у краіне палітычных рэпрэсій, нежаданнем улад ісці на лібералізацыю выбарчага заканадаўства, а таксама з тым, што з 1996 года ўсе выбары і рэферэндумы ў Беларусі былі прызнаныя міжнароднымі арганізацыямі несвабоднымі і недэмакратычнымі, прадстаўнікі грамадзянскага грамадства звярнуліся да дэмакратычных сіл з прапановай байкатаваць выбары.