BE RU EN

Рэктар БДУ пазбавіў журфак кампутараў

  • 26.05.2008, 16:40

Аргтэхніка, закупленая для новага корпуса факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, размеркаваная паміж іншымі навучальнымі падпадзяленнямі БДУ.

Дакумент, што сведчыць аб гэтым, патрапіў у распараджэнне газеты "Салідарнасць", паведамляе TUT.BY. Тлумачэнне шакіруе: за 2-3 гады на журфаке яна “маральна састарэе”. Пры гэтым аўтары дакладной запіскі прапанавалі рэктару перадаць дзясяткі кампутараў і манітораў на склад!

У дакладной запісцы гаворыцца, што масавы прыток сучаснай кампутарнай тэхнікі, закупленай для факультэта журналістыкі і факультэта філасофіі і сацыяльных навук (абодва размешчаныя ў новым корпусе на вул. Кальварыйскай) стварае рэальныя прадпасылкі яе неэфектыўнага выкарыстання.

“…Для освоения приобретенной техники потребуется 2-3 года. С учетом времени МОРАЛЬНОГО СТАРЕНИЯ компьютерной техники это - почти половина срока ее эффективной эксплуатации. В этой ситуации полагаем целесообразным часть приобретенной техники распределить по другим факультетам в рамках их сегодняшней потребности, а в дальнейшем осуществлять ПОЭТАПНОЕ оснащение факультета журналистики, факультета философии и социальных наук, других факультетов”, — гаворыцца ў дакуменце, складзеным прарэктарам па адукацыйных інавацыях і інфармацыйных тэхналогіях Паўлам Мандрыкам і дырэктарам цэнтра інфармацыйных тэхналогій Юрыем Варатніцкім.

Яны ж прапанавалі Стражаву зацвердзіць праект размеркавання аргтэхнікі. Нагадаем, яна была закупленая ў лістападзе-снежні мінулага года, напярэдадні адрэкламаванага на ўсю краіну адкрыцця новага сучаснага будынку журфака з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле дакумента, напрыклад, з 249 ПК Intel Pentium Dual Core E2160 на журфаку застаецца 68, факультэце філасофіі і сацыяльны навук (ФФСН) - 46. У бібліятэку адпраўляецца 47 машын, на склад - 71.

Раўнамерна размеркаваліся ноўтбукі. З шасці - два на журфак, два на ФФСН, два - на склад.

З 252 вадкакрысталічных 17-цалевых манітораў "Гарызонт" на журфаку пакінута 68. ФФСН дасталася 46, бібліятэцы - 47, складу - 74.

З сарака друкарак HP LI 1022: для журфака - 18, ФФСН - 10, склада - 8.

Усяго ў табліцы размеркавана 18 найменняў аргтэхнікі: кампутары, маніторы, друкаркі, відэапраектары, копіры.

Гэты праект ужо зацверджаны рэктарам БДУ і ўвасоблены ў жыццё. Персанал журфака і ФФСН абураўся: навошта кіраўніцтва ўніверсітэта раней заяўляла голасна, у тым ліку і Аляксандру Лукашэнка, што новы корпус будзе абсталяваны сучасным абсталяваннем, дзякуючы чаму студэнты змогуць выходзіць з гэтых сцен сапраўднымі прафесіяналамі?!

— Для новага корпуса была закупленая не толькі кампутарная тэхніка, але і тэлевізары, халадзільнікі. Аднак да сённяшняга дня мы іх і не бачылі, - распавялі "Салідарнасці" супрацоўнікі, якія працуюць у новым будынку на вуліцы Кальварыйскай.

Характэрна, што адкрыццё новага корпуса журфака з самога пачатку суправаджалася скандаламі.

У канцы лютага з артыкулаў, размешчаных на афіцыйным сайце факультэта, усплыло, што крэслы ў актавай зале каштуюць 400 у.е за штуку. Звесткі падмацаваліся інфармацыяй з неафіцыйных крыніц: у сувязі з такой дарагавізнай студэнтаў у гэтае памяшканне не пускаюць. Аднак, як стала вядома "Салідарнасці", праз тыдзень дэкан Сяргей Паддубовік аспрэчыў звесткі аб кошце, заявіўшы калегам, што крэслы каштавалі 350 тысяч беларускіх рублёў за штуку. З тых часоў актавая зала для студэнтаў адчыненая: тамака праводзяцца канферэнцыі, конкурсы.

У пачатку сакавіка стала вядома, што новы тэлецэнтр, размешчаны на 6 і 7 паверхах будынка, зачынены для пачаткоўцаў тэлевізійнікаў і радыйшчыкаў, паколькі ў ім знаходзіцца занадта дарагое абсталяванне. Такі паварот падзей кардынальна расхадзіўся з папярэднімі сюжэтамі ў навінах усіх беларускіх тэлеканалаў. Нагадаем, тады паведамлялася, што тэлецэнтр, агульны кошт якога складае парадку 3,5 млн. эўра, дасць магчымасць для прафесійнага развіцця будучых журналістаў.

Апошнія навіны