BE RU EN

Міхась Субач: «Вінаватым сябе не лічу, але на апраўдальны прысуд не разлічваю»

  • 27.05.2008, 10:55

Сёння ў судзе Ленінскага раёна Менска праходзяць спрэчки бакоў на "Працэсе 14-ці". Судзяць удзельнікаў акцый пратэсту прадпрымальнікаў Паўла Вінаградава, Міхася Субача і Максіма Дашука. У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97 прадпрымальнік Міхась Субач сказаў, што не чакае жорсткага прысуду.

- Калі зыходзіць з логікі працэсу, то штраф - гэта максімальнае пакаранне, якое можа вынесці суддзя. Вінаватым я, вядома, сябе не лічу, але што будзе апраўдальны прысуд - гэта наўрадці.

- Якія ў вас уражанні ад учорашняга дня на працэсе?

- У цэлым - станоўчыя. Мяне вельмі ўсцешыла, што ўсе сведкі абвінавачання, за выключэннем Падбярозкіна (намеснік начальніка Менскага ДАІ -- заўв. Хартыі'97), казалі праўду пра тое, што бачаць нас упершыню, не хлусілі, што нібыта мы нешта там крычалі нецэнзурна або кагосьці збівалі, што прадстаўнікі ГУМа і іншых арганізацый заявілі, што не маюць да нас ніякіх прэтэнзій. На маю думку, працэс праходзіць спакойна, у параўнанні з тым, што вёўся ў красавіку, хоць, вядома, з гэтага не вынікае, што прысуд будзе справядлівым.

- Міхась, як вы апынуліся 10 студзеня на Кастрычніцкай плошчы?

- Я індывідуальны прадпрымальнік, займаюся прадпрымальніцкай дзейнасцю ўжо некалькі гадоў, у мяне было некалькі найманых працаўнікоў, таму 760-ы ўказ непасрэдна мяне закрануў.

- Калі б вы ведалі пра гэткае развіццё падзей, вы вышлі б пратэставаць на вуліцу?

- Ні пра што не шкадую, і пайшоў бы на плошчу зноў. Мы не парушылі ніякіх законаў, мы вышлі выказаць сваё меркаванне, а гэта гарантуе беларуская Канстытуцыя.

- Гэта неяк звязана з агульным становішчам індывідуальных прадпрымальнікаў і малога бізнэсу ў краіне?

- Так, безумоўна. У Беларусі вельмі складана працаваць, то праверкі, то нейкія новаўвядзенні, законы, указы, якія пагаршаюць нашае становішча. Мы ж нічога ні ў каго не просім, а наадварот, ствараем працоўныя месцы, плацім падаткі. Хацелася б дапамогі чакаць ад дзяржавы, як у іншых краінах, а тут наадварот, не даюць нармалёва працаваць, дарогу перасякерваюць.

Нагадаем, на акцыю пратэсту 10 студзеня, за якую і судзяць людзей, вышлі тысячы прадпрымальнікаў, якія на знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі перакрылі праспект Незалежнасці.

Усяго па справе аб удзеле ў акцыях пратэсту прадпрымальнікаў праходзяць 14 актывістаў апазіцыі. 10 з іх ужо былі асуджаны раней. Моладзеваму актывісту Андрэю Кіму судом Цэнтральнага раёна Менска прызначаны 1,5 гады калоніі. Іншыя ўдзельнікі "Працэсу 14-ці" - Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч - асуджаны да выпраўленчых працаў па месцы працаўладкавання з адлічэннем дзяржаве 20% заробку. Антона Койпіша і Уладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Прысуд вынесла суддзя Алена Ілліна.

Адвакаты цяперашняга працэсу не выключаюць, што прысуд можа быць вынесены ўжо сёння.

Апошнія навіны