«Працэс 14-ці»: пракурор патрабуе два гады абмежаваньня волі (Фота)
- 27.05.2008, 11:27
Працягваецца суд над трыма абвінавачанымі ў “справе 14-ці”: Паўлам Вінаградавым, непаўналетнім Максімам Дашуком і прадпрымальнікам Міхаілам Субачам. Пракурор Лук'янаў запатрабаваў усім тром абвінавачаным абмежаваньня волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру.
Адвакаты папрасілі суд апраўдаць усіх падсудных. На іх думку, папярэдняе сьледзтва не прадставіла дастатковых доказаў віны. А ў часе прагляду відэаматэрыялаў ня была зробленая ідэнтыфікацыя абвінавачаных, паведамляе «Радыё Свабода».
Учора на судзе выступілі сьведкі з боку абвінавачаньня. Дырэктары ГУМу, крамы “Ласунак”, унівэрмагу “Цэнтральны” і парку маршрутных таксовак заявілі, што абвінавачаных ніколі раней ня бачылі і фінансавых прэтэнзій да іх ня маюць.
Супрацоўнікі ДАІ, акрамя намесьніка кіраўніка менскага ДАІ Максіма Падбярозкіна, казалі, што абвінавачаных раней ня бачылі і праяваў грубага парушэньня грамадзкага парадку з боку дэманстрантаў 10 студзеня таксама не заўважылі. Прадстаўнікі прадпрыемства “Мінсктранс” заявілі, што грамадзкі транспарт працаваў у звычайным рэжыме і скаргаў пасажыраў не было.
Усяго па справе аб удзеле ў акцыях пратэсту прадпрымальнікаў праходзяць 14 актывістаў апазіцыі. 10 з іх ужо былі асуджаны раней. Моладзеваму актывісту Андрэю Кіму судом Цэнтральнага раёна Менска прызначана 1, 5 гадоў калоніі. Іншыя ўдзельнікі "Працэсу 14-ці" -- Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч - прысуджаны да выпраўленчых працаў па месцы працаўладкавання з адлічэннем дзяржаве 20% заробку. Антона Койпіша і Уладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Прысуд вынесла суддзя Алена Ілліна.
Нагадаем, што на акцыю пратэсту 10 студзеня, за якую і судзяць людзей, выйшлі тысячы прадпрымальнікаў, якія на знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных указаў Аляксандра Лукашэнкі перакрылі праспект Незалежнасці.






Пракурор Лук'янаў