Працоўныя мігранты лыжкамі капаюць тунэлі праз мяжу Беларусі
- 27.05.2008, 12:12
Сярод парушальнікаў беларускай мяжы пераважна працоўныя нелегалы і грыбнікі, паведаміў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК) Беларусі Ігар Рачкоўскі, перадае "Інтэрфакс".
"Асноўная катэгорыя нелегалаў - працоўныя мігранты, якія спрабуюць патрапіць у ЕЗ, перадусім, праз мяжу з Польшчай. Трапляюцца пераважна грамадзяне Малдовы, Шры-Ланкі, В'етнама, Кітая, Індыі, Пакістану. Грамадзяне Расеі чачэнскай нацыянальнасці спрабуюць нелегальна патрапіць у Шэнген праз тэрыторыю Літвы", - распавёў Рачкоўскі.
У той самы час значнай катэгорыяй парушальнікаў з'яўляюцца грыбнікі і ягаднікі. "Як правіла - гэтае мясцовае насельніцтва. Нядаўна быў затрыманы 82-гадовы грамадзянін Літвы. Дзядуля выпіў лішку і прыйшоў у Беларусь", - распавёў Рачкоўскі і дадаў, што парушальнік "быў вернуты дадому без усялякага ажыятажу".
Кажучы пра вынаходлівасць парушальнікаў, суразмоўца агенцтва распавёў, што памежнікі сутыкаліся з выпадкамі, "калі над "сістэмай" - інжынернай мяжой - паміж дрэвамі нацягвалі горны трос, па якім перамяшчаліся". "Ладзілі падкопы, - капалі лыжкамі, кубкамі, нават лыжачкамі для абутку", - дадаў ён.
Па словах суразмоўцы агенцтва, памежнікі карыстаюцца "гэтак званай "тройкай": на базе аўтамабіля УАЗ "Фермер" месціцца мабільны цеплавізар, пражэктар, разгортваецца сістэма "Фортэза" - датчыкі "зачыняюць" пэўны ўчастак мяжы".