Чыноўнікаў пазбавяць адпачынкаў за адсутнасць інвестыцый
- 27.05.2008, 13:46
Няма інвестыцый — няма адпачынку. Такая змрочная перспектыва пагражае кіраўнікам міністэрстваў і ведамстваў, калі яны не актывізуюцца ў прыцягненні замежнага капіталу ў свае галіны.
Гэта паабяцаў ім прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі 27 мая на паседжанні Саўміна, дзе разглядаліся вынікі працы эканомікі за першыя чатыры месяца, пішуць «Белорусские новости»
Прэм'ер застаўся вельмі незадаволены тым, як прыцягваюць прамыя замежныя інвестыцыі міністэрства прамысловасці, транспарта і камунікацый, а таксама энергетыкі. У прыватнасці, Мінпрам «здабыў» у першым квартале ўсяго 150 тыс. даляраў інвестыцый, Мінтранс — 16 тыс. даляраў, Мінэнерга — 78 млн. даляраў. «Што, у нас усё добра? За гэтыя грошы можна вырашыць усе праблемы?», — абураўся Сяргей Сідорскі. Дасталася «на арэхі» і начальніку Беларускай чыгункі — за тое, што не займаецца абнаўленнем рухомага саставу.
Увогуле, калі міністры не возьмуцца за розум, то могуць пазбавіцца свайго летняга адпачынку. «Лета ўсіх расслабляе? Так мы адпачынку адменім», — прыводзіць «Інтэрфакс» словы страшыня урада.
За 4 месяца ў эканоміку прыцягнута інвестыцый на суму больш 2 млрд. даляраў і 12,3 млрд. рублёў. Сума як бы не маленькая. Але прамых замежных інвестыцый — усяго 716 млн. даляраў. Іх узровень застаецца вельмі нізкім, лічыць прэм'ер, нягледзячы на тое, што цяпер яны ў два разы вышэйшыя за мінулы год. «Мы вельмі шмат сродкаў праводзім праз банкі», — лічыць ён.
Прэм'ер таксама раскрытыкаваў кіраўніцтва Мінсельгаспрада, «Белдзяржхарчпрама» і Мінпрама за рост некрытычнага імпарту. Сідорскі застаўся незадаволены тым, што Беларусь завозіць занадта шмат імпартнага шакаладу, печыва, гародніны, садавіны і бытавой тэхнікі.
«На сакавік мы 200 млн. даляраў нарасцілі адмоўнае сальда знешняга гандлю. Яблыкаў, груш, бульбы, морквы ў сакавіку было завезена на 12 млн. даляраў», — заявіў прэм'ер. Хоць летась службоўцы, па ягоных словах, «практыкаваліся» над тым, ці патрэбныя ў Беларусі гароднінасховішчы. Акрамя таго, на 15 млн. даляраў імпартавана шакаладу і іншай кандытарскай прадукцыі, на 12 млн. даляраў — печыва.
Прэм'ер лічыць, што Беларусь не можа сабе дазволіць завозіць на 25 млн. даляраў у месяц бытавую тэхніку, якая можа вырабляцца ў краіне. Мінпрам і беларускія прадпрыемствы ў сціснутыя тэрміны павінныя прыняць рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі адпаведных вытворчасцяў, а не «хадзіць тры гады па калідорах».