Мадэллю развіцця для Лукашэнкі з'яўляецца Лацінская Амерыка
- 27.05.2008, 14:51
Аляксандр Лукашэнка адзначае блізкасць пазіцый беларускай дзяржавы і краін Лацінскай Амерыкі па пытаннях пабудовы шматпалярнага свету і выпрацоўцы незалежнай стратэгіі развіцця.
"Большасць краін Лацінскай Амерыкі падзяляюць нашы падыходы па пабудове шматпалярнага свету, імкненне да выпрацоўкі незалежнай стратэгіі развіцця", - заявіў А.Лукашэнка, прымаючы ў Менску даверчыя граматы ў амбасадараў замежных дзяржаў, акрэдытаваных у Беларусі, перадае «Інтэрфакс».
Беларускі кіраўнік, выказаў зацікаўленасць у развіцці палітычнага дыялогу з Бразіліяй, у тым ліку і на вышэйшым узроўні. "Пры пазітыўнай дынаміцы двухбаковага гандлёва-эканамічнага партнёрства яго патэнцыял (палітычнага дыялогу) пакуль выкарыстоўваецца не ў поўнай меры", - сказаў ён.
Па паведамленні БелТА, Лукашэнка таксама лічыць, што сёння "нядрэнна развіваюцца адносіны Беларусі з Мексікай". Ён выказаў гатовасць да пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі з гэтай краінай ва ўсіх міжнародных арганізацыях. "Спадзяюся, падпісанне двухбаковых дамоў створыць неабходную прававую базу для нарошчвання двухбаковых эканамічных сувязяў", - сказаў ён.
Прымаючы даверчыя граматы Надзвычайнага і Паўнаважанага Амбасадара Рэспублікі Эквадор у Беларусі (па сумяшчальніцтве) Патрысіо Альберта Чавеса Савалы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы гатовыя да ўсталявання доўгатэрміновага палітычнага і эканамічнага партнёрства з Эквадорам. Добрыя перспектывы для гэтага ёсць. Наладжванне міждзяржаўнага дыялогу на вышэйшым узроўні, безумоўна, здольнае надаць дзейсны імпульс развіццю шматпланавага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі".