Жыхары Гародні пойдуць з малатка разам з дамамі
- 28.05.2008, 9:58
Жыхары двух прыватных дамоў у Гародні атрымалі лісты з праектнага інстытута, паводле якіх іх нерухомасць і зямельныя ўчасткі выстаўляюцца на аўкцыён.
У Гарадзенскім выканкаме патлумачылі, што пра рассяленне жыхароў мусіць паклапаціцца чалавек, які выкупіць хаты і ўчасткі, піша «КП в Беларуси».
"Чалавек, які выкупіць участак, па правілах будзе абавязаны пабудаваць на гэтым месцы кавярню. І пра рассяленне жыхароў мусіць паклапаціцца сам", - паведамілі ў Гарадзенскім гарвыканкаме.
"Выходзіць, што нас таксама выставілі на аўкцыён, як лоты! Мясцовыя ўлады перад правядзеннем аўкцыёну "парадак наводзілі" на нашых участках: агароды разбурылі, цагліны, якімі быў абкладзены кветнік, забралі… Мужу майму былому, які ў мяне прапісаны быў, прапіску анулявалі. Выходзіць, што ён бомж… Нікому мы не патрэбныя", - абураецца Святлана, якая жыве ў адным з выстаўленых на аўкцыён будынкаў.
Па словах Тадэвуша Зігмундовіча, які з'яўляецца ўладальнікам другога дома, аўкцыён адбудзецца 28 чэрвеня, але людзі не ведаюць, куды іх адселяць: "Сядзім практычна на валізах".
"І яшчэ праблема: у нас у доме 48 квадратных метраў жылой плошчы. Тры пакоі, дзве кухні. І жыве нас шэсць чалавек, дзве сям'і. Калі будуць адсяляць, дадуць кватэру па метражы не больш, чым быў дом. А гэта выходзіць двухпакаёвая. А я туды не паеду. Я ж не прасіў, каб мяне адсялялі!", - заявіў Тадэвуш Зігмундовіч.