Ці перапросіцца Менгарвыканкам перад Святланай Завадскай?
- 28.05.2008, 10:08
Удава гвалтоўна выкрадзенага аператара ОРТ Святлана Завадская падала ў суд на намесніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Ціценкова.
Святлана Завадская абскардзіла ў судзе рашэнне намесніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Ціценкова аб забароне пікету да чарговых угодкаў знікнення экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі.
Як стала вядома "Народнай волі", 26 траўня Святлана Завадская падала адпаведную скаргу ў суд Маскоўскага раёна.
Святлана не надта верыць у аб'ектыўнасць і незангажаванасць беларускіх суддзяў.
-- Але пад ляжачы камень вада не падплыве, -- кажа яна. -- Прасцей за ўсё злажыць рукі і нічога не рабіць. У пачатку траўня я напісала заяўку на правядзенне пікету ў Менгарвыканкам. Намеснік старшыні Менгарвыканкама Міхаіл Ціценкоў не дазволіў ладзіць пікет, абгрунтаваў сваё рашэнне тым, што па беларускіх законах правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапушчаецца на адлегласці меней за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў і станцыяў метрапалітэну. Хоць на Кастрычніцкай плошчы ёсць месцы, размешчаныя далей за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэну і прыдатныя для правядзення пікету колькасцю да 100 чалавек. Аднак ні Ціценкоў, ні яго памагатыя нават не затэлефанавалі мне і не ўдакладнілі, дзе менавіта на Кастрычніцай плошчы я планую праводзіць пікет.
Мне хацелася б спыніць практыку забаронаў на любыя масавыя мерапрыемствы, якія так ці інакш звязаны з апазіцыяй. Таму я і пайшла ў суд".
Святлана Завадская просіць суд прызнаць рашэнне М.Ціценкова "неправамоцным і парушаючым грамадзянскае права на правядзенне мірнага сходу", а таксама абавязаць Менгарвыканкам "публічна праз сродкі масавай інфармацыі перапрасіцца за парушэнні грамадзянскіх правоў.
Што напісана ў скарзе?
"Мэта пікету -- прыцягненне ўвагі грамадскасці да патрабаванняў наконт рэальнага расследавання справаў аб зніклых публічных людзях у Беларусі, -- піша Святлана Завадская. -- Намеснік старшыні Менгарвыканкама Ціценкоў М.С., які не дазволіў правесці пікет 7 траўня 2008 года, прычыніў істотную шкоду правам грамадзян, якія пажадалі паўдзельнічаць у гэтым пікеце. Лічым, што рашэнне намесніка старшыні Менгарвыканкама Ціценкова М.С. аб недазволе на пікет парушае як беларускае заканадаўства, так і міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь.
Усе прэтэнзіі намесніка старшыні Менскага гарвыканкама заснаваны на здагадцы, што пікет будзе праведзены на адлегласці меней за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэну. Мы планавалі зладзіць пікетаванне на Кастрычніцкай плошчы не бліжэй за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэну.
Адмова ў дазволе на правядзенне пікету намеснікам старшыні Менгарвыканкама насіла відавочна адвольны, незаконны характар, пацягнула зрыў пікету 7 траўня 2008 года і прычыніла істотную шкоду нашым правам, і ў першую чаргу груба парушыла нашае права на мірны сход".