МЗС: Беларускія ўлады не могуць парушыць салідарнасць краін Еўразвяза
- 28.05.2008, 14:37
Беларускім уладам не атрымоўваецца парушыць «салідарнасць» краін Еўразвяза ў пытанні пачатку перамоў аб паніжэнні кошту шэнгенскіх віз для грамадзян краіны.
Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Віктар Гайсёнак, адказваючы ў «парламенце» на пытанні дэпутатаў.
«Мы сутыкаемся з кансалідаванай пазіцыяй краін Еўразвяза, якія ўвязваюць пачатак перамоваў з выкананнем 12 прапановаў ЕЗ да Беларусі. Таму праца ў дадзеным накірунку пакуль надзвычай складаная», - сказаў Гайсёнак.
Па ягоных словах, «Беларусь намагаецца весці двухбаковыя перамовы, аднак парушыць салідарнасць краін шэнгенскай зоны пакуль не атрымоўваецца».
Нагадаем, для паўнавартаснага ўдзелу ў Еўрапейскай палітыцы добрасуседства ЕЗ Беларусь павінная выканаць12 прапановаў для дэмакратызацыі, што выкладзеныя ў дакуменце пад назвай «Што Еўрапейскі звяз можа даць Беларусі».
Дакумент быў прыняты яшчэ ў лістападзе 2006 года. Адна з галоўных прапановаў – вызваленне ўсіх палітвязняў, захаванне ўладамі асноўных правоў і свобод грамадзян, правядзенне свабодных выбараў. З тых часоў ЕЗ заўсёды цвёрда заяўляў, што не намераны адступаць ад дадзенага дакумента і без прыняцця 12 прапановаў нармалізацыя адносінаў афіцыйнага Менску з Еўропай немагчымая.