BE RU EN

З гэтым пасланнем партыі збіраюцца ісці на «выбары»

  • 28.05.2008, 14:45

Лідэры апазіцыйных палітычных партый сумесна выпрацавалі тэкст паслання да грамадзян Беларусі, з якім кандыдаты ў дэпутаты пойдуць на парламенцкія "выбары".

Па словах партыйных лідэраў, гэтае пасланне рыхтавалася на працягу некалькіх месяцаў. Прыводзім тэкст паслання цалкам.

Што зробім для Беларусі?

Пасланне Аб’яднаных дэмакратычных сіл грамадзянам краіны

Усім людзям трэба жыць, карміць сям'ю, гадаваць дзяцей. Але шалёныя кошты, як саранча, з'ядаюць нашыя заробкі. Дзе ўзяць грошы на кватэру? Хто дапаможа, калі захварэеш? Ад сацыяльных гарантый не засталося нічога.

Беларусь - не бедная краіна. Мы, беларусы, умеем і любім працаваць, а значыць, маем права жыць лепей. Але ці ведаем мы праўду аб тым, куды сыходзяць народныя грошы? Хто спытаў у людзей, калі прымаліся рашэнні аб ліквідацыі льготаў, аб кабальных кантрактах або разарэнні прадпрымальнікаў?

Чаму так адбываецца?

Чым меншы кантроль над уладай, тым менш яна думае аб людзях.

Шмат хто баіцца адкрыта выказваць сваё меркаванне. Краіне неабходны сапраўдны парламент, дзе будуць людзі, якія не маўчаць і не дадуць падманваць народ. Такі парадак у Еўропе, дзе грамадзяне жывуць багата і свабодна, таму што кантралююць сваю ўладу.

Кантроль народа над уладай дасць людзям новыя магчымасці жыць лепш.

Усталяваць такі кантроль дапамогуць АБ’ЯДНАНЫЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ СІЛЫ, якія не баяцца казаць праўду.

Чыноўнікі і прызначаныя ўладай дэпутаты абслугоўваюць тых, хто іх прызначыў. А праўдзіва абраныя дэпутаты ад АБ’ЯДНАНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ змогуць абараніць справядлівасць, дамагчыся кантролю над дзеяннямі ўладаў.

Зразумела: той, хто фальсіфікуе выбары, баіцца голасу народа. А праграма АБ’ЯДНАНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ – гэта голас большасці людзей Беларусі.

Кантроль над уладай дазволіць:

• стварыць лепшыя ўмовы для эканомікі, спыніць рост коштаў і захаваць сацыяльныя гарантыі;

• наладзіць партнёрства з Еўрапейскім Звязам і адкрыць для краіны новыя магчымасці;

• вызваліць прадпрымальнікаў ад самаўпраўнасці ўладаў;

• гарантаваць новыя працоўныя месцы, якасную адукацыю і ахову здароўя;

• гарантаваць людзям правы і свабоды.

Зараз Вы ведаеце пазіцыю АБ’ЯДНАНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ:

НЕ НАРОД ДЛЯ ЎЛАДЫ, А ЎЛАДА ДЛЯ НАРОДА!

Апошнія навіны