BE RU EN

ЗША насцярожвае новая пасада Пуціна (Відэа)

  • 28.05.2008, 15:03

Прадстаўнікі Дзярждэпартамента ЗША выказалі занепакоенасць тым фактам, што расейскага прэм’ер-міністра Ўладзіміра Пуціна прызначылі на пост прэм'ер-міністра "саюзнай дзяржавы" Расеі і Беларусі.

У Вашынгтоне падкрэслілі, што прызначэнне Ўладзіміра Пуціна можа сведчыць аб збліжэнні двух дзяржаў, або быць простай фармальнасцю, аднак гэта ў любым выпадку закранае інтэрасы ЗША.

Амбасадар ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт, якая пакінула Менск па патрабаванні беларускіх уладаў, заявіла, што Злучаныя Штаты выступаюць супраць любога саюза паміж Расеяй і Беларуссю, бо насельніцтва гэтых краін не выказала сваё меркаванне па гэтым пытанні.

"Мы не пярэчым супраць добраахвотнай інтэграцыі дзяржаваў, калі яна ўхваленая насельніцтвам гэтых краін і не перашкаджае пашырэнню міжнародных сувязяў", - перадае АР слова Карэн Сцюарт.

Амерыканскія палітолагі лічаць, што збліжэнне Расеі і Беларусі абумоўленае тым, што "Аляксандр Лукашэнка шукае моцнага саюзніка, бо ў Беларусі расце ўнутраная апазіцыя ўладзе, і, акрамя таго, рэспубліцы са слабай эканомікай пагражаюць новыя санкцыі (з боку Захаду)".

Нагадаем, яшчэ 13 лістапада 2007 года Мінфін ЗША увёў санкцыі ў адносінах канцэрна "Белнафтахім". У прыватнасці, яны прадугледжвалі замарожванне ўсіх змешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрна "Белнафтахім" і ягоных прадстаўніцтваў у Германіі, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-Эс-Эй". Акрамя таго, амерыканскім бізнесменам загадвалася ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

У сакавіку 2008 года былі апублікаваныя ўдакладненні, паводле якіх пад дзеянне санкцый траплялі прадпрыемствы, у якіх "Белнафтахім" валодае прамым або ўскосным прыбыткам у памеры 50% ці больш.

Пасля гэтага з Вашынгтона для кансультацый быў адкліканы амбасадар Міхаіл Хвостаў. 12 сакавіка Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадар ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амбасада ЗША заявіла аб прыпыненні разгляду заяваў на атрыманне і выдачу віз. 27 сакавіка Менск пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў.

31 сакавіка Беларусь прыняла рашэнне аб дадатковым скарачэнні персанала сваёй амбасады ў Вашынгтоне і прапанавала ЗША зрабіць тое ж самае. ЗША адмовіліся яшчэ раз скарачаць колькасць сваіх супрацоўнікаў. 30 красавіка МЗС Беларусі абвясціў 10 амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата. 3 мая яны пакінулі Беларусь.

Апошнія навіны