BE RU EN

Аляксандр Ярашук: МАП можа заклікаць усе краіны парваць адносіны з уладамі Беларусі

  • 28.05.2008, 15:28

28 мая ў Жэневе распачынаецца 97-я сесія Міжнароднай арганізацыі працы, пад час якой камітэт па нормах і стандартах МАП разгледзець беларускае пытанне.

Па словах старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, абмеркаванне будзе, хутчэй за ўсё, вострым, паколькі ў Беларусі няма прагрэсу ў выкананні рэкамендацый МАП, паведамляе “Еўрарадыё”.

Аляксандр Ярашук нагадаў, што невыкананне рэкамендацый засведчыў і адміністрацыйны савет МАП, паседжанне якога адбылося ў сакавіку. Па меркаванні прафсаюзнага лідэра, Беларусь зноў можа патрапіць у спецпараграф МАП, наступствы чаго могуць быць непрыемнымі.

"Калі і ў далейшым рэкамендацыі не будуць выконвацца, то я не выключаю, што на гэтай канферэнцыі прадстаўнікі камітэта па нормах могуць падняць пытанне аб ужыванні ў стаўленні да Беларусі працэдуры, прадугледжанай параграфам 33. Гэта выключная працэдура. Гаворка ідзе аб тым, каб звярнуцца да ўрадаў краін міжнароднай супольнасці, каб прыпыніць усе адносіны з урадам Беларусі", - растлумачыў Аляксандр Ярашук.

Раней пасля занясення Беларусі ў спецпараграф МАП 21 чэрвеня 2007 года Еўразвяз выключыў Беларусь з Абагульненай сістэмы гандлёвых прэферэнцый.

Апошнія навіны