BE RU EN

Спробу перадаць дакумент у органы ўлады прыраўноўваюць да лаянкі матам?

  • 29.05.2008, 11:48

Актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Наталля Лявонава атрымала позву ў суд Маскоўскага раёна сталіцы: з'явіцца 30 траўня ў 9.35 у якасці "правапарушальніка".

Гэтая позва ні да чаго не абавязвае, бо Н.Лявонава за яе не распісвалася - аднак Наталля вырашыла прыйсці ў суд з адвакатам, піша сайт ucpb.org.

Па якой жа падставе яе выклікаюць у суд, правапарушальніцай у якой вобласці яна з'яўляецца? У Маскоўскім РУУС Наталля пабывала месяц таму, 29 красавіка. У гэты дзень Аляксандр Лукашэнка выступаў у "палаце прадстаўнікоў" са сваім пасланнем.

Аб'яднаная грамадзянская партыя падрыхтавала альтэрнатыўнае пасланне, і актывісты АГП, на чале са старшынём партыі Анатолем Лябедзькам, хацелі перадаць яго ў Дом урада. АМАП і служба бяспекі, аднак, пасунулі іх з плошчы Незалежнасці, а Наталля Лявонава была затрымана.

Пазней, ужо на тэрыторыі Цэнтральнага раёна, затрымалі яшчэ некалькіх актывістаў, якіх пасля адпусцілі без пратаколаў і тлумачэнняў. У Наталлі ж у Маскоўскім РУУС тлумачэнне ўзялі.

"Пасланне АГП грамадзяніну, бізнэсу і дзяржаве" праз тры дні ва ўрад і ў "палату прадстаўнікоў" усё ж перадалі, і там гэты дакумент прынялі.

А Наталлі Лявонавай, як вынікае з позвы, інкрымінуюць арт. 17.1 Адміністрацыйнага кодэкса - г.зн. грубае парушэнне грамадскага парадку. Як сведчыць практыка, - па версіі ўладаў, яна нібыта "лаялася матам".

Апошнія навіны