Дзе грошы?
- 29.05.2008, 15:13
Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым да 2011 года вывесці беларускую ахову здароўя на сусветны ўзровень і заяўляе аб "велізарным фінансаванні аховы здароўя". Ствараецца ілжывае ўражанне, што Лукашэнка не ў курсе, колькі ў Беларусі выдаткоўваецца на медыцыну.
"У гэтай пяцігодцы мы павінныя скончыць мадэрнізацыю ўсіх нашых лякарань, лячэбных устаноў, падняць іх на самы высокі ўзровень і больш ніколі яго не зніжаць", - заявіў А.Лукашэнка, падводзячы вынікі свайго наведвання Рэспубліканскага навукова- практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі і Лякарні хуткай медыцынскай дапамогі ў Менску.
Адзначыўшы высокі ўзровень і вынікі рэканструкцыі і абсталяванне гэтых двух лячэбных установаў, Лукашэнка папярэдзіў кіраўніцтва Мінздрава: "У нас павінен быць па абсталяванні медустановаў самы сучасны ўзровень. Трэба выдаткавацца, значыць, выдаткуемся", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Па словах А.Лукашэнкі, "цяпер ідзе велізарнае фінансаванне аховы здароўя".
Цікава, па якіх крытэрах вымярае Лукашэнка ўзровень фінансавання беларускай медыцыны?
На медыцыну ў Беларусі выдаткоўваецца, у сярэднім, 4-4,2% УВП. Для параўнання, у заходніх краінах, дзе УВП перавышае беларускі паказчык шматразова, дзяржаўныя выдаткі на медыцыну складаюць: у зоне Еўразвяза - 9%, у ЗША - 15%.
Дарэчы, яшчэ ў лютым 2006 года напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў, выступаючы на Ўсебеларускім сходзе, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў мінулай пяцігодцы (2001-2005 гг) "вызначаныя межы па долі выдаткаў на развіццё аховы здароўя ў УВП не былі дасягнутыя". У новай пяцігодцы (2006-2010 гг). на ахову здароўя ён паабяцаў вылучыць не меней 7 % УВП. Але … абяцанага, як апынулася, прыйдзецца пачакаць - запланаваныя сродкі ў медыцыну так і не паступілі.
У 2008 годзе ў Беларусі на ахову здароўя запланавана выдаткаваць столькі жа, колькі і заўсёды - усё тыя жа 4% УВП, або 1 трыльён 026 мільярдаў рублёў.
Для параўнання, на 80-тысячнае беларускае войска ў 2008 году запланавана выдаткаваць 1 трыльён 240 мільярдаў, а сілавым ведамствам - МУС і КДБ - вырашана вылучыць амаль у два разы больш бюджэтных сродкаў, чым на ўсю сістэму аховы здароўя - 1 трыльён 949 мільярдаў рублёў.
Аднак толькі палова бюджэтных грошаў, выдаткаваных на ахову здароўя, будзе рэальна накіраваная на здароўе беларусаў — 601 мільярд 186 мільёнаў. Усяго 25 мільярдаў вырашана патраціць на медыцынскую навуку, але, як мінімум, траціна ад гэтай сумы пойдзе на заробкі навуковых супрацоўнікаў. 12 мільярдаў плануецца пусціць на патрэбы санітарна-эпідэміялагічнай службы краіны. Камунальныя паслугі, харчаванне хворых і заробкі медыцынскіх работнікаў складуць 368 мільярдаў 680 мільёнаў.
Вось вам і «велізарнае фінансаванне аховы здароўя». Хіба што, сцвярджаючы падобнае, Лукашэнка меў на ўвазе не бюджэтныя грошы, а сродкі з нейкіх асабістых фондаў, якія ён гатовы ахвяраваць дзеля народнага здароўя?