BE RU EN

Хатнім сеткам засталося тры дні

  • 29.05.2008, 15:17

Менскія хатнія сеткі перажываюць не лепшыя часы: да 1 чэрвеня ў іх уладальнікаў ёсць час на дэмантаж абсталявання і вынас кабеля.

Калі нехта не паспее ці занаровіцца, то ў пачатку жнівеня сеткі будуць ліквідаваныя ў прымусовым парадку.

Гаворка ідзе толькі аб нелегальна працягнутых сетках (хаця невядома, наколькі проста зрабіць сетку "легальнай"), уладальнікі і карыстальнікі якіх знаходзіліся з супрацоўнікамі жыллёва-эксплуатацыйных службаў у стане "ўзброенага нейтралітэта", піша інтэрнэт-рэсурс «Вебпланета».

Заручыўшыся сакрэтнымі дамоўленасцямі з прадстаўнікамі ЖЭС (або нават не заручыўшыся), адміны самастойна пракладалі кабель, а хатнія сеткі ахоплівалі цэлыя кварталы. Частцы правайдэраў гэта было на руку - не трэба было вырашаць праблему "апошняй мілі", - аднак кампаніі, якія самі спрабавалі развіваць сеткавую інфраструктуру, уступалі ў канфлікты з уладальнікамі хатніх сетак.

Вайну хатнім сеткам абвясцілі "Менскія гарадскія інфармацыйныя сеткі" 14 лістапада 2007 года, калі дырэктар прадпрыемства падпісаў дакумент пад назвай "Комплекс мерапрыемстваў па ліквідацыі незаконна пабудаваных кампутарных сетак у жылым фондзе горада Менска". Да 1 красавіка спецыялісты тэлекамунікацыйнай галіны, міліцыянты і чамусьці падаткавікі (мабыць, для мацнейшага застрашвання) высветлілі, дзе менавіта размяшчаюцца хатнія сеткі, і прапанавалі да 1 чэрвеня ім згарнуцца.

Праўда, такія прадпісанні атрымалі далёка не ўсе адміністратары, удакладняе CNews, таму казаць аб сур’ёзнай барацьбе ўладаў з "хатнімі сецевікамі" пакуль не варта. Аднак у ЖЖ-суполцы minsk_by ужо назіраецца занепакоенасць.

Варта адзначыць, што "Белтэлекам", па сведчанні менчукоў, пачаў "наязджаць" на хатнія сеткі яшчэ ў 2006 годзе. Прыкладна тады ж начальнік кіравання электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Юрый Шпак параіў уладальнікам хатніх сетак атрымаць ліцэнзіі Мінсувязі і зарэгістравацца ў якасці юрыдычных асоб, пасля чаго жыць спакойна.

Апошнія навіны