Замашкі каланіялізму ў Расеі
- «Independent», (Вялікабрытанія)
- 3.05.2008, 9:49
Напал шматлікіх спрэчак паміж Расеяй і Грузіяй узрастае ўжо даўно. За мінулыя два тыдні, аднак, тэмпература ледзь не дасягнула кропкі кіпення.
Галоўны агмень супрацьстаяння - Абхазія, населеная пераважна абхазамі і этнічнымі рускімі. Як і Паўднёвая Асеція, Абхазія ўваходзіць у склад Грузіі, аднак жыве ва ўмовах самаабвешчанай незалежнасці.
Расея павялічыла стаўкі ў гульні, агучыўшы намер узмацніць свой кантынгент у Абхазіі, уведзены туды паводле дамовы 15-гадовай даўніны. Як сцвярджаюць у Маскве, гэты крок здзейснены ў сувязі з асцярогамі абхазцаў, што Грузія паспрабуе гвалтам вярнуць рэспубліку пад свой кантроль.
Нядаўняму крызісу папярэднічалі дзве падзеі. Дзесяць дзён таму Грузія абвінаваціла Расею, што тая збіла ў небе над Абхазіяй яе беспілотны самалёт-шпіён. Па словах Расеі, лятальны апарат збілі проціпаветраным агнём абхазцы.
А некалькімі днямі раней прэзідэнт Пуцін заявіў, што Расея мусіць узмацніць сувязі з дзвюма сепаратысцкімі рэспублікамі. Ён, аднак, не патлумачыў, што дакладна маецца на ўвазе. Грузія тады звярнулася са скаргай у ААН.
Расею злуе адкрыта празаходняя пазіцыя, якую Грузія заняла пасля "рэвалюцыі ружаў" 2003 года - яна ўзмацніла удар, нанесены "памаранчавай рэвалюцыяй" ва Украіне. Пуцін і яго грузінскі калега Міхаіл Саакашвілі не ладзілі ніколі. Два гады таму Расея ўвяла гандлёвае эмбарга на галоўны экспартны тавар Грузіі - віно. Да таго ж, мелі месца перабоі з падачай энергіі з Расеі ў выніку сабатажу на адным з ключавых газаправодаў і на электрастанцыі.
Сёлета напруга ўзмацнілася. Балючым ударам для Масквы стала дыпламатычная параза Расеі ў пытанні пра аддзяленне Косава. Расея пачала задавацца пытаннем: калі незалежная дзяржава Косава можа атрымаць міжнароднае прызнанне, чаму такога права пазбаўлены Абхазія і Паўднёвая Асеція? Грузія, асцерагаючыся падобнага сцэнару, адмовілася далучыцца да еўрапейскіх краінаў, якія прызналі Косава.
Магчыма, гэта з'яўляецца адной з прычынаў цяперашніх канфліктаў. Іншая прычына - страта Расеяй сваёй імперыі. Адносна маленькай і слабой Грузіі Расея без пакутаў сумлення паводзіць сябе з замашкамі каланіяльніка. Да таго ж, Масква ведае, што Захад не лічыць сябе абавязаным тэрмінова дапамагаць гэтай краіне - бо еўрапейцы нядаўна не дазволілі Грузіі і Украіне наблізіцца да сяброўства ў НАТА.
Раней паміж сіламі Грузіі і сепаратысцкіх рэгіёнаў ужо меліся ўзброеныя сутычкі. На шчасце, яны засталіся толькі сутычкамі. Пакуль што новае супрацьстаянне не выходзіць за межы рыторыкі. Аднак надышлі небяспечныя часы. Новы прэзідэнт Расеі ўваходзіць у пасаду з наступнага тыдня, і ў такі момант у Крамлі вялікая спакуса высветліць адносіны. Таму мы далучаемся да Еўразвяза, што заклікаў абодва бакі захоўваць спакой і асцярожнасць.