BE RU EN

Акцыя ў Курапатах прайшла пад наглядам міліцыі

  • 30.05.2008, 8:57

За акцыяй памяці ва ўрочышчы Курапаты, дзе былі расстраляныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій, традыцыйна назіралі супрацоўнікі міліцыі.

Прадстаўнікі мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПІК), моладзевых і прадпрымальніцкіх арганізацый, а таксама былыя рэпрэсаваныя ўзгадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Гэтая цырымонія па традыцыі праходзіць 29-га дня кожнага месяца.

Як паведамляе БелаПАН, сабраныя ў Курапатах запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да месцаў масавых расстрэлаў бязвінных людзей, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання, выканалі духоўны гімн "Магутны Божа". Па звестках айчынных гісторыкаў, у траўні 1938 года супрацоўнікі НКУС знішчылі ў Беларусі 58 чалавек, а з пачатку 1938 гады - 1.535.

Напярэдадні памінання грамадскасць аднавіла ў Курапатах рэпрадукцыю абраза Маці Божай Курапацкай усіх нявінна забітых пэндзля мастака і грамадскага дзеяча Аляксея Марачкіна, а таксама некалькі крыжоў, пашкоджаных невядомымі вандаламі месяц таму.

Пісьменнік Васіль Якавенка выказаў надзею, што традыцыйнае памінанне ахвяраў рэпрэсій адгукнецца ў душах людзей і будзе спрыяць захаванню духоўнай культуры нацыі. Па ягоных словах, у зямлі Курапатаў ляжаць лепшыя прадстаўнікі беларускага народу.

Моладзевы актывіст Антон Койпіш - адзін з 14 асуджаных за ўдзел у акцыі падтрымкі прадпрымальнікаў 10 студзеня - лічыць "цалкам натуральным" шанаванне памяці бязвінна расстраляных продкаў, каб такое ніколі больш не паўтарылася на беларускай зямлі.

Старшыня мемарыяльнай секцыі БДТАПІК Вячаслаў Сіўчык заклікаў удзельнікаў памінання прыйсці ў Курапаты 3 чэрвеня. "У гэты дзень 20 гадоў таму у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" быў змешчаны артыкул Зянона Пазняка і Яўгенія Шмыгалёва "Курапаты - дарога смерці", які стаў сігналам для барацьбы за праўду супраць злачынстваў сталінізму і камунізму, а таксама за Курапаты, якія за 20 гадоў сталі народным некропалем. Артыкул стаў сігналам да пачатку новага этапу беларускага нацыянальнага адраджэння, пра што сведчыць стварэнне ўвосень 1988 года "Мартыралога Беларусі", БНФ "Адраджэньне" і іншых арганізацый", - сказаў У.Сіўчык.

За цырымоніяй памінання вялі назіранне сем прадстаўнікоў сілавых структур у форме супрацоўнікаў міліцыі і цывільным адзенні.

Апошнія навіны