BE RU EN

Здай «эстакаду» ці «паркоўку», і ў горадзе можаш набраць 20 балаў

  • 30.05.2008, 11:36

Неўзабаве ад інструктараў па кіраванню аўтамабілем даішнікі будуць патрабаваць вышэйшай адукацыі, а ад кіроўцаў–пачаткоўцаў - умення не толькі заязджаць на "эстакаду".

Давядзецца прадэманстраваць валоданне ўсімі элементамі, якія выкладаюць на выпрабавальнай пляцоўцы аўташколы. Наўзамен ДАІ дазволіць рабіць болей памылак у горадзе і зробіць зручнейшым графік прыёму іспытаў, паведамляе "Еўрарадыё".

Днямі з'явіліся 2 дакументы, датычныя пачаткоўцаў: "Парадак падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі кіроўцаў і асобаў, якія вучацца кіраваць механічнымі транспартнымі сродкамі" і "Аб сцвярджэнні палажэння аб парадку прыёму іспытаў на атрыманне правоў кіроўцы".

Чаго чакаць ад першага дакумента, тлумачыць намесніца дырэктара школы "Аўтаправы" Ірына Мікуліч. "Практычныя заняткі па кіраванню аўтамабілем мусяць праводзіць майстры з адукацыяй не ніжэй за сярэднюю, стажам кіроўцы - не менш за 3 гады і пасведчаннем аб адпаведнай падрыхтоўцы", - кажа Мікуліч.

Па яе словах, супрацоўнікаў яны і так стала выпраўляюць на курсы падвышэння кваліфікацыі. Іншая рэч, што апошнім часам ходзяць чуткі пра падрыхтоўку дакумента, паводле якога вучыць маладых кіроўцаў змогуць толькі інструктары з вышэйшай адукацыяй. І гэта можа стварыць аўташколам шмат праблемаў.

"Не ведаю, ці будзе прыняты гэты дакумент, але, сапраўды, перавучыць кожнага, прымусіць кіроўцаў атрымаць вышэйшую адукацыю… Добра, калі гэта будзе малады майстар. Але ў нас шмат майстроў, якім за 50 гадоў. Пры гэтым працавалі яны ў гэтай сферы 15-20 гадоў. І сёння ім атрымаць адукацыю ў нашай краіне даволі складана. Па-першае, адукацыя будзе завочная, і таму за яе давядзецца плаціць грошы. Нават школьныя веды ў такіх людзей не ўсе захаваліся ў памяці. Таму гэта будзе вельмі цяжка", - лічыць Мікуліч.

Цяжка гэта будзе яшчэ і з той прычыны, што невядома, каму давядзецца плаціць за адукацыю майстроў. Самім людзям, і аўташколам гэта не па гаманцу. Як паведаміў дырэктар адной з менскіх аўташкол Уладзімір Тамковіч, забарона на падвышэнне кошту навучання больш, чым на 20%, не дазваляе ім істотна ўзняць заробак майстрам, які цяпер складае прыблізна 600-800 тысяч рублёў, і зарабіць самой аўташколе, каб было за што вучыць людзей.

"Ужо людзей падрыхтавалі да 1 мільёну 200 тысячаў, таму што так яно і мусіць быць. А што мы маем? 870 тысяч, павялічылі на 20%. І што? На сённяшні дзень я нават не магу нармалёва павялічыць заробак. Хіба што адсоткаў на 5. Пакуль думаем, як і што рабіць. Я ужо не кажу, што трэба машыны памяняць", - скардзіцца Тамковіч.

Па ягоных словах, чыноўнікі абяцаюць аўташколам, што будуць дазваляць ім штомесяц падвышаць кошты на навучанне на 0,6%. Толькі, па словах дырэктара, такі паступовы рост на фоне сталага росту інфляцыі не дапаможа аўташколам павялічыць зарплаты, аднавіць аўтапарк і выправіць людзей на навучанне.

Другі дакумент папярэджвае пачаткоўцаў, што хоць і трэба будзе на пляцоўцы па-ранейшаму здаваць толькі адзін элемент, але які гэта будзе элемент - вырашыць экзаменатар. Да апошняга часу курсанты здавалі толькі "эстакаду", а зараз гэта можа быць і дыяганальная паркоўка, і "гараж", і разварот на ўчастку абмежаваных памераў. Аднак замест 10 штрафных балаў падчас іспыту ў горадзе курсанту будуць дазвалены "парушэнні" да 20 балаў. Змяніўся і тэрмін пераздачы іспыту. Калі раней прымалі на 8-ы дзень пасля "правалу", то цяпер на перападрыхтоўку даюць толькі 6 дзён - на 7-ы чакаюць у ДАІ. Дарэчы, дзейнічаюць гэтыя правілы ўжо з 8 траўня.

Супрацоўнік міжраённага рэгістрацыйнага аддзела ДАІ пры ГУУС Мінгарвыканкама Андрыян Мічульскі распавёў, як будзе экзаменатар выбіраць, якое заданне курсант будзе выконваць на іспытнай пляцоўцы. "Экзаменатар не ведае, якія слабасці ёсць у кіроўцы. Чалавек садзіцца ў машыну, і экзаменатар адвольна называе яму элемент для выканання".

А што ж рабіць тым курсантам, якіх адмыслова рыхтавалі толькі да здачы аднаго элемента пляцоўкі - "эстакады".

Па словах Мічульскага, "праграмамі падрыхтоўкі прадугледжана вывучэнне ўсіх элементаў. У тым ліку і тых, якія здаюць цяпер у ДАІ. У школе абавязаны былі вучыць курсантаў усім гэтым элементам. І кантрольныя праверкі яны мусілі праводзіць не толькі на "эстакадзе", але і на ўсіх гэтых элементах", - лічыць супрацоўнік ДАІ.

Пацвердзіў ён і тое, што памылак падчас здачы іспыту ў горадзе бяскарна можна рабіць болей. Але казаць, не ці дазволіць гэта курсантам паслабіцца і ці не прывядзе да павелічэння колькасці аварый, не стаў. Што ж да таго, чаму скарацілі тэрмін на перападрыхтоўку тым, хто не здаў іспыт з першага разу, то, па словах супрацоўніка рэгістрацыйнага аддзела, гэта зроблена для выгоды людзей.

Апошнія навіны