Алесь Чыгір: «Білі прафэсійна»
- 30.05.2008, 14:30
Сёньня ў Бабруйску адбылося паседжаньне суду па справе затрыманага ноччу і моцна зьбітага міліцыянтамі апазыцыйнага актывіста Алеся Чыгіра. Судзьдзя Натальля Чарапуха накіравала справу на дасьледаваньне. Чыгір вызвалены з-пад варты.
Алеся Чыгіра вінавацяць у “дробным хуліганстве ды непадпарадкаваньні міліцыі”, паведамляе “Радыё Свабода”.
Алесь Чыгір заяўляе, што ў пастарунку яго зьбілі міліцыянты. “У мяне баліць рука, перадплечча, нага. Білі прафэсійна. Расьцягвалі шыю, рабілі “ластаўку". Падымалі за валасы. Я валяўся на падлозе. На мяне ставілі ногі. Гэтым гвалтам кіраваў маёр Тоўсьцік, а дапамагаў яму старшына Пашолкін. Яны казалі, што зараз адсячом табе пальцы. Мяне вазілі ў траўмапунт, аднак лекары й міліцыянты заадно. Сьледчы выпісаў мне накіраваньне на зьняцьцё пабояў”, - распавёў Алесь.
Данута Чыгір не выключае, што ейнага мужа зьняволілі прэвэнтыўна: на час, пакуль у Бабруйску будзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка. Лукашэнка мае прысутнічаць 31 траўня на адкрыцьці ў Бабруйску лядовага палацу.
Алеся Чыгіра затрымалі каля поўначы супрацоўнікі аддзелу міліцыі бабруйскага гарвыканкаму. Паводле спадарыні Чыгір, мужа падчас затрыманьня моцна зьбілі. Праз вакно яна бачыла, як Алесь ляжаў у аддзеле міліцыі на падлозе непрытомны.
Варта дадаць, што маёр Тоўсьцік удзельнічаў у нападзе на бабруйскі грамадзкі цэнтар 5 сакавіка.