На адмене льготаў страцілі транспартнікі
- 30.05.2008, 14:48
За першыя чатыры месяцы году колькасьць беларусаў, якія карыстаюцца аўтобусамі і цягнікамі, зьменшылася адпаведна на 9,9% і 7,5% параўнальна з тым жа пэрыядам мінулага году.
Гэтыя лічбы назваў сёньня на сумесным паседжаньні двух “палатак” беларускага “парлямэнту” віцэ-прэм'ер Віктар Бура. Такім чынам, перавозчыкі недалічыліся толькі за чатыры месяцы каля 35 мільёнаў чалавекапаездак, паведамляе “Радыё Свабода”.
І хаця віцэ-прэм'ер не назваў з трыбуны, чаму так адбылося, дэпутаты ў перапынку казалі, што гэты вынік адмены льготаў на праезд для студэнтаў, пэнсіянэраў і некаторых іншых катэгорыяў насельніцтва. І таму ў кулюарах нават разьвярнулася дыскусія, хто ж больш пацярпеў ад адмены льготаў у сьнежні – грамадзяне, якіх гэтых льготаў пазбавілі, ці транспартнікі.