BE RU EN

Міністэрства культуры дазволіла будаўніцтва на месцы брацкай магілы

  • 30.05.2008, 16:01

Пракладка каналізацыйнага калектара ў раёне Старавіленскага тракта ў Менску (на месцы былога Старажоўскага рынка), дзе знаходзяцца ваенныя могілкі часоў Першай сусветнай вайны, прыпыненая пасля ўмяшальніцтва грамадскасці.

Як паведаміў БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антон Астаповіч, працы на месцы размяшчэння могілак пачаліся раніцай 30 мая.

"Дадзеныя могілкі з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю другой катэгорыі. Тут пахавана больш за 5 тысяч чалавек, у асноўным у брацкіх магілах. Гэта бежанцы і расейскія салдаты, якія ў пачатку мінулага стагоддзя паміралі ў шпіталях Менска. Як высветлілася, Міністэрства культуры сваім рашэннем ад 26 мая санкцыянавала тут раскопкі для пракладкі калектара", — паведаміў А.Астаповіч.

Па ягоных словах, пры дапамозе тэхнікі будаўнікі вымалі з зямлі чалавечыя косткі, пакавалі іх у пакеты і ўвозілі ў невядомым накірунку.

"Зараз раскопкі атрымалася прыпыніць. Гэта адбылося дзякуючы таму, што сябра Савета нашай арганізацыі Ўладзімір Дзянісаў змог звязацца з ваенным аташэ амбасады Расейскай Федэрацыі ў Менску. Амбасада адрэагавала таксама вельмі аператыўна і накіравала запыт ў Савет бяспекі Беларусі, пасля чаго па распараджэнні Савбяса працы былі спыненыя", — паведаміў А.Астаповіч.

Апошнія навіны