Ва Ўкраіне стартавала агіткампанія ў падтрымку ўступлення краіны ў НАТА
- 30.05.2008, 17:25
Ва Ўкраіне 30 мая стартавала агітацыйная кампанія ў падтрымку ўступлення краіны ў НАТА. Акцыя пад лозунгам "НАТА - ТАК", ініцыяваная партыяй "Наша Ўкраіна", пачалася ў палацы "Ўкраіна" ў Кіеве з выканання гімну Еўразвяза.
На прэзентацыю кампаніі сабраўся актыў партыі з усіх рэгіёнаў краіны, "аранжавыя" дэпутаты парламента, дзеячы навукі і культуры. Выступы агітатараў чаргаваліся з фрагментамі ўкраінскага дакументальнага 10-серыйнага серыяла пра НАТА пад назвай "Свой ці чужы", знятага па замове кіраўніцтва краіны, паведамляе NEWSru.com.
Перад урачыстым сходам дэлегаты з Крыма распавялі ў кулуарах, што плануюць усталяваць у Севастопалі гадзіннік, які будзе адлічваць час да вываду Чарнаморскага флоту РФ у мае 2017 года.
Напярэдадні, 29 мая ўрад Украіны прыняў дзяржаўную мэтавую праграму інфармавання грамадскасці па пытаннях еўраатлантычнай інтэграцыі на перыяд да 2011 года. Да гэтага часу кіраўніцтва краіны намеранае давесці ўзровень падтрымкі насельніцтва ўступлення краіны ў НАТА да 55% з цяперашніх прыкладна 20%. На рэалізацыю праграмы за 4 гады плануецца выдаткаваць больш за 6 млн даляраў, у тым ліку 4,4 млн даляраў - з цэнтральнага бюджэту і 1,6 млн даляраў – з мясцовых.
Пранатаўская кампанія прывязаная да таго, што ў снежні гэтага года ізноў будзе разглядацца пытанне аб далучэнні Ўкраіны да Плану дзеянняў для атрымання сяброўства (ПДС) ў паўночнаатлантычным альянсе. Інфармацыйныя акцыі ў рамках кампаніі "НАТА - ТАК" ужо адбыліся ў Адэссе і Нікалаеве.