BE RU EN

«Крымінальныя» лекі Зэльцэр купіў у аптэцы ў Амерыцы

  • 31.05.2008, 15:04

Справа адносна амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра развальваецца. Спачатку юрысту інкрымінавалі карыстанне падробнымі дакументамі, аднак грузінскі суд прызнаў гэтыя дакументы сапраўднымі. Праз 2,5 месяцы Зэльцэра абвінавацілі ў кантрабандзе нарказмяшчальных рэчываў.

Першае, пра што сталі турбавацца сваякі, гэта ўмовы ўтрымання. У Зэльцэра - дыябет, дыябетычная палінеўрапатыя, артрыт, зашчымленне міжхрыбтовых карэньчыкаў, падагра абедзвюх ступняў, дыябетычная хіба перыферыйных судзінаў ніжніх канечнасцяў. Натуральна, што такому арыштаванаму патрэбны сур'ёзны догляд.

У розныя беларускія структуры, уключна з амбасадай Беларусі ў Вашынгтоне, сваякі скіравалі падрабязны спіс лекавых прэпаратаў, якія доўгія гады Зэльцэр вымушаны прымаць штодня. Так, дыпмісія запэўніла, што ўсе належныя лекі арыштаваны атрымлівае. Пры гэтым яму паказалі іх, але выдаць адмовіліся. З 4-х найбольш важных лекаў Зэльцэр цягам двух з паловай месяцаў атрымлівае толькі ін'екцыі супраць дыябету. Пра гэта кажа яго адвакат Зміцер Гарачка і консул ЗША Кэралайн Сэвідж.

Па словах адваката, Зэльцэр быў затрыманы "ужо на тэрыторыі Беларусі", пасля мытні. Удакладняць, дзе менавіта быў арыштаваны яго падабаронны, ён не стаў - справа аб падробных дакументах мае статус дзяржаўнай таямніцы, ніякія падрабязнасці не падлягаюць разгалашэнню.

Ужо 27 траўня на Зэльцэра было заведзена новая крымінальная справа: яго падазраюць у кантрабандзе нарказмяшчальных рэчываў не для збыту (ч.1 арт. 328 КК і ч.2 арт. 228). Факты, што гэтыя болесуцішальныя сродкі, жыццёва неабходныя падазраванаму, на радзіме былі набыты легальна, а, да таго ж, яго хваробы фактычна невылечныя, "будуць мець значэнне для следства". "Пытанне, ці будуць іх ацэньваць", - адзначае Гарачка. Адвакат распавёў "Белорусским новостям", што Зэльцэр не ведаў, ці ўваходзяць у склад лекаў рэчывы, якія можна разглядаць як наркатычныя: на копіі рэцэпту, якую ў ЗША наляпляюць на пушачку з таблеткамі, напісана толькі, каму прэпарат прапісаны, не пазначаны нават дыягназ - гэта забаронена законам.

Гарачка высвятляе падрабязнасці працэдуры праходжання Зэльцэрам мытні, правілы ўвозу лекаў у краіну. "Складу злачынства няма, і гэта было ясна ад пачатку", - кажа Гарачка. Па ягоных словах, справы за кантрабанду наркотыкаў у Беларусі заводзяцца неадкладна пры выяўленні іх, тут жа праваахоўныя органы 2,5 месяцы ладзілі экспертызу.

Адвакат устрымаўся ад здагадкі, якое абвінавачанне перажыве следства і стане канчатковым. Сам факт з'яўлення новага абвінавачання Гарачка назваў "надзвычай сумным".

Лекар Зэльцэра Леў Паўкман 29 траўня даслаў беларускім уладам зварот, дзе засведчыў, што "ніколі не паведамляў свайму пацыенту, што некаторыя прэпараты могуць змяшчаць наркатычныя ці псіхатропныя рэчывы". 100 штук канфіскаваных лекаў Паўкман тлумачыць тым фактам, што іх магло не быць у тых краінах, куды Зэльцэр выпраўляецца. "Пры адсутнасці гэтых прэпаратаў ён пакутуе ад нясцерпнага болю. Да таго ж, існуе рэальная пагроза незваротных зменаў унутраных органаў, што ўжо і адбываецца", - піша Паўкман, які 20 гадоў з'яўляецца лекарам Зэльцэра.

У інтэрв'ю "Коммерсанту" доктар пацвердзіў, што такія лекавыя прэпараты, як гідракадон, буталбітал і метфармін, што прымаў Зэльцэр, сапраўды змяшчаюць наркатычнае рэчыва кадэін. "Але ў колькасці, дазволенай міністэрствам здароўя ЗША, спрыяльнай для здымання боляў, якія ўвесь час церпіць Эмануіл Зэльцэр",- заявіў Паўкман і падкрэсліў, што набыць гэтыя прэпараты можна толькі паводле рэцэпту.

Новую крымінальную справу адносна Зэльцэра яго сябры і сваякі звязваюць з тым, што суд Грузіі фармальна прызнаў сапраўднымі тыя дакументы, у выкарыстанні якіх ён быў абвінавачаны. З улікам узаемнага прызнання судовых рашэнняў, беларускае следства не можа не скарыстацца плёнам працы грузінскіх калегаў.

Як бачна з паведамлення прадстаўніка КДБ аб тым, што справа Зэльцэра будзе перададзена ў суд "неўзабаве", следства, сапраўды, рыхтуе дакументы. Быў дапытаны нават расейскі бізнэсмэн Барыс Беразоўскі. У інтэрв'ю таму ж "Коммерсанту" ён распавёў, што сустракаўся ў Лондане з аператыўна-следчай брыгадай з Беларусі. "Яны прасілі даць паказанні адносна Зэльцэра, у прыватнасці, на што менавіта ён і Джозаф Кей (Зэльцэр з'яўляецца яго адвакатам, - Заўв. БН.) прэтэндуюць, - растлумачыў Беразоўскі.- Я распавёў ім усё, што ведаў".

Апрача таго, у Грузіі абскарджваецца рашэнне суду аб прызнанні Кея распарадчыкам спадчыны яго далёкага сваяка, грузінскага бізнэсмэна Бадры Патакарцышвілі. Скаргу падалі сваякі бізнэсмэна. Між тым, сам Кей падаў у грузінскі суд ужо на іх - за распаўсюд ілжывай інфармацыі і сваю сапсаваную дзелавую рэпутацыю.

Так што, следствы ў Беларусі, Грузіі і ЗША працягваюцца.

Заўвага www.charter97.org: Варта адзначыць, што змяняць абвінавачанне - звычайная практыка для беларускіх уладаў. Гэтак сама арыштоўвалі экс-міністра замежнаэканамічных сувязяў і Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі Міхася Марыніча. Пры арышце яго абвінавацілі ў выкарыстанні нібыта фальшывых даляраў, далей - пасля ператрусу на лецішчы - у захоўванні пісталета, а далей і ўвогуле - у крадзяжы кампутараў з уласнай арганізацыі. Прысудзілі Марыніча да 5 гадоў калоніі.

Нагадаем, што Дзяржаўны дэпартамент ЗША патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення амерыканскага адваката. Адміністрацыя Джорджа Буша паведаміла аб пагаршэнні здароўя Эмануіла Зэльцэра ў ізалятары КДБ.

25 красавіка консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвідж сустракалася з арыштаваным у Менску амерыканскім адвакатам.

Па словах консула, Зэльцэр паведаміў ёй, што "на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі". Адвакат вельмі схуднеў, саслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.

Апошнія навіны