BE RU EN

Лётаць праз Маскву стане даражэй

  • 7.05.2008, 10:28

Расейскія эксперты паліўнага рынка прагназуюць, што падвышэнне коштаў на авіяцыйную газу можа пацягнуць рост коштаў авіябілетаў у летні сезон гэтага года.

Як нагадвае Інтэрфакс, за сакавік-красавік кошт газы вырас на 20%, з леташняй восені - на 70%.

Па адзнаках экспертаў, разам з падвышэннем коштаў на авіябілеты будзе назірацца скарачэнне аб'ёмаў перавозак.

Авіякампаніі, якія базуюцца ў Маскве, атрымалі афіцыйныя паведамленні ад адміністрацыяў палівазапраўных комплексаў маскоўскага авіяцыйнага вузла пра падвышэнне коштаў на паліва з 1 траўня на 12,3%.

У красавіку адпускны кошт газы ў аэрапорце "Дамадзедава" складаў 23,4 тыс. рас. руб. за 1 тону. Разам з коштам паслуг па запраўцы (830 рас. руб. за 1 тону) і ПДВ авіякампаніі з 4 траўня ўжо плацяць за 1 тону газы больш за 32,1 тыс. рас. руб. Гэта вымушае авіякампаніі павялічваць памер паліўнага збору ў канчатковым кошце квіткоў.

Прадаўцы авіяпаліва сцвярджаюць, што падвышэнне адбылося ў выніку павелічэння гуртовых коштаў на прадукцыю нафтаперапрацоўчых заводаў, належных нафтавым кампаніям.

Авіяперавозцы таксама прадказваюць скарачэнне аб'ёмаў перавозак пасажыраў. У авіякампаній практычна няма рэсурсаў на скарачэнне выдаткаў. Эксперты лічаць, што авіяперавозцы, якія не маюць паліваэфэктыўных самалётаў, будуць скарачаць колькасць рэйсаў ці адмяняць цэлыя маршруты.

Апошнія навіны