Адвакат Зміцер Гарачка: Эмануіл Зельцэр вельмі змяніўся ў турме
- 7.05.2008, 15:45
Грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра наведаў у турме КДБ Беларусі адвакат Зміцер Гарачка. Як паведаміў адвакат прэс-цэнтру Хартыі’97, ягоны падабаронны скардзіцца на праблемы са здароўем.
Па словах адваката, Эмануіл Зельцэр пакутуе ад дыябета і артрыта і «выглядае дрэнна».
“Яму не даюць неабходныя лекі ў поўным аб’ёме”, -- адзначыў адвакат
На пытанне, ці дужа змяніўся Эмануіл Зельцэр, калі параўнаць ягоную знешнасць з апошнімі фотаздымкамі, Зміцер Гарачка адказаў: «Незвычайна».
Гаварыць аб справе амерыканскага адваката Зміцер гарачка адмовіўся, спасылаючыся на тое, што гэтая справа знаходзіцца пад грыфам «дзяржаўная тайна».
Нагадаем, што 25 красавіка консул Злучаных Штатаў Амерыкі Кэралайн Сэвэдж сустракалася з арыштаваным у Менску амерыканскім адвакатам Эмануілам Зельцэрам.
Па словах консула, Зельцэр паведаміў ёй, што «на другі і трэці дзень затрымання яго збівалі». Аб гэтым Кэралайн Сэвэдж паведаміла ў інтэрв’ю агенцтву БелаПАН. Па словах консула, Зельцэр вельмі схуднеў, паслабеў, яму цяжка хадзіць, размаўляць.
Па выніку наведвання Зельцэра амерыканскі консул накіравала справаздачу ў Вашынгтон, пасля чаго ў Дзярждэпартамент быў запрошаны Часовы Павераны ў справах Беларусі ў ЗША.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША звярнуўся да беларускіх уладаў "з настойлівым заклікам" вызваліць грамадзяніна ЗША адваката Эмануіла Зельцэра "па гуманных меркаваннях".