BE RU EN

На імпартны алкаголь увялі «сухі закон»

  • 8.05.2008, 17:07

Сітуацыя з увозам у Беларусь імпартнага алкаголю па-ранейшаму застаецца нявызначанай. Гэтая прадукцыя ў краіну не пастаўляецца ўжо больш за месяц.

Пытанне, хто жа з прадпрыемстваў атрымае ганаровае званне спецімпарцёра, — адкрытае, дакладней, закрытае для грамадскасці.

Над тым, каму даверыць увозіць алкагольную прадукцыю ў 2008 годзе, ва ўрадзе думаюць ужо месяц. Планавалася, што спецыяльна створаная ў адпаведнасці з дэкрэтам № 3 міжведамственная камісія пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова назаве імёны шчасліўчыкаў да 15 красавіка. Аднак пасля тэрмін адсунулі да канца месяца. Сам жа конкурс на вызначэнне юрыдычных асобаў, якія атрымаюць выключнае права на ўвоз алкаголю, быў абвешчаны 1 красавіка, а прыём заявак скончыўся 8 красавіка, гэта значыць роўна месяц таму.

«Камісія працуе», — адказала «Белорусским новостям» начальнік ўпраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю Любоў Язэпчык на пытанне, калі ж будуць вызначаныя пераможцы конкурсу. Пры гэтым яна патлумачыла, што не можа нешта каментаваць на гэтую тэму, паколькі не з’яўляецца сябрам міжведамственнай камісіі. Звяртацца неабходна да яе старшыні віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова. Да слова, згодна ўзгаданаму дэкрэту № 3, інфармацыя, якая датычыцца разгляду і адзнакі конкурсных прапановаў, не падлягае разглашэнню.

«На працягу красавіка, як мы мяркуем, усе гэтыя пытанні павінныя быць закрытыя», — абяцаў каля месяца таму намміністра гандлю Вячаслаў Драгун. З ягоных словаў вынікала, што як толькі збярэцца міжведамственная камісія, тады і будзе прынятае рашэнне. Неабходна выканаць усе працэдуры, прадугледжаныя палажэннем аб правядзенні конкурсу, аж да ўскрыцця канвертаў.

Увозам імпартнага алкаголю да ўводзінаў новых правілаў гульні займаліся каля 30 кампаній. Колькі ў выніку застанецца, не бярэцца сказаць ніхто. Эксперты не выключаюць і варыянт, пры якім урад можа пайсці па шляху, пракладзеным на тытунёвым рынку: тут спецімпарцёр быў вызначаны ў асобе ўсяго адной арганізацыі — «Беларусьторг», падначаленай Упраўсправамі прэзідэнта.

Аднак, раней міністр гандлю Беларусі Аляксандр Іванкоў паведаміў БЕЛТА, што колькасць заявак, якія былі пададзеныя ў міжведамственную камісію, не абмяжоўвалася. Сярод асноўных крытэраў выбара імпарцёраў з’яўляюцца наяўнасць складскіх плошчаў у памеры не менш 1 тыс.кв.м і вопыт працы на рынку алкагольнай прадукцыі не меншы за 5 гадоў. У прыватнасці, спецімпарцёрамі бутыляваных алкагольных напояў змогуць стаць і недзяржаўныя кампаніі, незалежна ад памеру дзярждолі ў іх устаўным фондзе. Пры гэтым у будучым, на думку міністра, было бы рацыянальным, калі б спецімпарцёр алкаголю быў «поўнасцю дзяржаўным прадпрыемствам», паколькі гэта падакцызны высокадаходны тавар.

Зараз удзельная вага імпартных паставак складае ўсяго 4,7% ад усёй алкагольнай прадукцыі на рынку Беларусі. Астатняя доля выпадае на прадукцыю беларускай вытворчасці. Імпартуецца толькі спіртное, якое не вытвараецца ў краіне ці вытвараецца ў недастатковай колькасці.

Пакуль жа высокая камісія думае над спецімпарцёрамі, у Беларусі ўжо месяц фактычна дзейнічае «сухі закон» на імпартны алкаголь. З 1 красавіка гэтая прадукцыя ў краіну не завозіцца. Зрэшты, негледзячы на адсутнасць паставак, дэфіцыту ў гандлёвай сетцы віскі, каньяка, марціні і іншых заморскіх напояў няма, лічаць у Мінгандлю.

На адмене кватавання імпарту алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту настойвала, у першую чаргу, Расея. Устраненне гэтага бар’ера было прадугледжанае міжурадавым пагадненнем па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва між двума краінамі, падпісаным у сакавіку 2007 года. Хвалявацца расейцам ёсць ад чаго. У адносінах іх прадукцыі беларускі ўрад прымяняе розныя меры нетарыфнага рэгулявання. Напрыклад, у 2007 годзе імпарт расейскай гарэлкі ў Беларусь знізіўся на 34,3%, а ў вартасным выражэнні — на 39,4%. А расейскі спірт і вермуты на беларускім рынку ў мінулым годзе не былі прадстаўленыя ўвогуле.

Апошнія навіны