BE RU EN

У Дзень Перамогі Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з прэзідэнтам Францыі

  • 9.05.2008, 20:26

Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч 9 траўня сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Нікаля Сарказі. Сустрэча прайшла ў Парыжы ў рэзідэнцыі французскага прэзідэнта – Елісейскім палацы.

Па словах Мілінкевіча, галоўная мэта яго візіту ў Парыж - актывізаваць пазіцыю Францыі і канкрэтызаваць дзейнасць Еўразвяза ў Беларусі. Францыя з 1 ліпеня будзе старшыняваць у Еўрапейскім Звязе.

"Я вельмі задаволены сустрэчай з Нікаля Сарказі. Яна была шчырай, адкрытай, надзвычай прадметнай. Французскі прэзідэнт даволі добра ведае сітуацыю ў Беларусі. З 1 ліпеня Францыя будзе старшыняваць у Еўразвязе, і, безумоўна, ад краіны, якая з'яўляецца старшынёй Еўразвяза на паўгады, вельмі шмат залежыць у знешняй палітыцы Звяза. Францыя хацела б паспрыяць дэмакратызацыі нашай краіны. Мы гутарылі пра тое, што ўлады Беларусі, першым чынам, мусяць вызваліць палітвязняў, правесці ў краіне вольныя выбары. Уздымалася пытанне падтрымкі незалежных СМІ, рэпрэсаваных, а таксама грамадзянскай супольнасці", -- паведаміў Мілінкевіч.

8 траўня Аляксандр Мілінкевіч разам з жонкай, кіраўніцай Камітэта дапамогі рэпрэсаваным Інай Кулей браў у Парыжы ўдзел у імпрэзах да Дня Перамогі ў Другой сусветнай вайне.

Гэта не першая сустрэча Аляксандра Мілінкевіча і Нікаля Сарказі. Былы кандыдат ад аб'яднаных дэмакратычных сіл Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах сустракаўся з Нікаля Сарказі ў Марсэлі ўвосень 2006 года, калі той быў міністрам унутраных справаў Францыі.

Як мы ўжо паведамлялі, падчас цяперашняга візіту ў Францыю Аляксандр Мілінкевіч таксама сустракаўся з міністрам замежных справаў Бэрнарам Кушнэрам, французскімі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і прадстаўнікамі СМІ.

Апошнія навіны