BE RU EN

Абітурыентам давядзецца паспяшацца

  • 10.06.2008, 8:38

Скарочаны тэрміны прыёму дакументаў у ВНУ. Сёлета прыём дакументаў будзе здзяйсняцца з 5 па 11 ліпеня ў ВНУ Мінкультуры, з 5 па 13 ліпеня ў ВНУ сілавых структураў, у астатнія ВНУ з 12 па 23 ліпеня.

У 2008 годзе ў беларускія ВНУ запланавана прыняць 81,2 тысячы чалавек у ВНУ дзяржаўнай формы ўласнасці, у тым ліку 44, 9 тысячы - на дзённую форму навучання, піша Інтэрфакс.

Такія звесткі былі агучаны на прэс-канферэнцыі з удзелам кансультанткі ўпраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі міністэрства адукацыі Марыі Карпенкі.

Па яе словах, "галоўнае адрозненне сёлеташняй уступнай кампаніі палягае на тым, што адменены абмежаванні для тых, хто паступае у платныя ўстановы - раней, у выпадку непаступлення, ім не дазвалялася зноў падаваць дакументы ў бясплатныя дзяржаўныя ВНУ. Цяпер ужо правы будуць ва ўсіх аднолькавыя".

Таксама сёлета зменшана колькасці катэгорый абітурыентаў з правам на пазаконкурснае залічэнне. Такое права захавана толькі за дзецьмі-сіротамі, пераможцамі розных мерапрыемстваў высокага ўзроўню, а таксама вайскоўцамі з рэкамендацыямі ад воінскіх частак і пры паступленні ў ВНУ сілавых структураў.

Выключаны з унутраных уступных выпрабаванняў вучэбныя прадметы, для якіх прадугледжана Цэнтралізаванае тэставанне. ВНУ могуць ладзіць уступныя выпрабаванні па творчасці, фізічнай культуры, беларускай і рускай літаратуры, а таксама па прадметах вучэбнага плану спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры прыёме на скарочаны тэрмін навучання і па вучэбных прадметах толькі для абітурыентаў з парушэннем слыху, зроку і апорна-рухальнага апарату.

У дзяржаўных сярэдне-спецыяльных навучальных установах плануецца павялічыць прыём на спецыяльнасці будаўнічага профілю, сельскай гаспадаркі і лясной гаспадаркі ў межах 10-15 адсоткаў. Упершыню будзе распачата падрыхтоўка па спецыяльнасці "Турызм і гасціннасць" і "лінгвістычнае суправаджэнне сацыякультурнай дзейнасці".

Апошнія навіны