BE RU EN

Беларуская школа збянтэжана

  • 10.06.2008, 9:26

Беларусь вяртаецца да 11- гадовай агульнай сярэдняй адукацыі. Аднак чаму, як і па якіх праграмах будуць вучыць шкаляроў, пакуль не ведае ніхто.

Як паведамляе «Немецкая волна», настаўнікі толькі разводзяць рукамі - нас проста паставілі перад фактам. "Мы збянтэжаны, як гэта ўсё паспець за два месяцы. І што будзе налета? Як дзве паралелі будуць выпускацца? Як яны будуць паступаць? Як дзеці, недавучаныя на год, будуць вучыцца, стануць студэнтамі-абітурыентамі? Мы не ведаем, - прызнаецца настаўнік адной з менскіх школ. - Вось цяпер, каб мы да канца карціну наступнага навучальнага года бачылі, дык яе яшчэ няма!"

Хлопцам і дзяўчатам, а таксама іх бацькам дакладна вядома толькі, што грызці граніт навукі будуць пяць дзён на тыдзень і замест 12 ужо 11 гадоў. А сярэдняя адукацыя ў Беларусі стане … узапраўду сярэдняй. Такое ўказанне прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі: "Ліцейныя і гімназічныя класы прыбраць адназначна, які б там шквал гэта не выклікала".

Краіне патрэбныя рабочыя

Упершыню пасыл, што краіне патрэбны "рабочыя - столяры і цесляры", прагучаў у штогадовым пасланні ад Лукашэнкі беларускаму народу і "парламенту" яшчэ ў канцы красавіка. "Краіне патрэбны рабочыя кадры, школа ж арыентуе выключна на паступленне ў вну. Трэба змяняць менталітэт моладзі", - выказаў тады сваю думку беларускі кіраўнік.

У адрозненне ад героя вядомага верша Маякоўскага "Кім быць?" за беларускіх школьнікаў, падобна, вырашылі службоўцы. Намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Анатоль Рубін, які ўзначаліў адмыслова створаную Міжведамную камісію, усё інавацыі тлумачыць выключна клопатам пра новае пакаленне: "Палепшыць якасць адукацыі. А гэта значыць не за кошт перагрузкі вучня, не за кошт колькасці гадзінаў, не за кошт колькасці гадоў, якія вучань будзе вучыцца, а за кошт паляпшэння якасці падручнікаў, за кошт паляпшэння выкладчыцкага працэсу. Каб зрабіць падручнікі зразумелымі, пакінуць у іх тое, што чалавек можа засвоіць і чым потым ён будзе карыстацца ў жыцці".

Каб ніхто не вылучаўся

Як можна паляпшаць, забараняючы, шчыра здзіўляюцца настаўнікі: "Профільнае навучанне было шмат гадоў, напрацоўкі там надзвычайныя, выкладчыкі наймоцныя. А цяпер нам кажуць, што не можа быць ні матэматычных, ні фізічных, ні лінгвістычных класаў.

Мы ўжо ў школе павесілі абвестку, што з 17 па 19 чэрвеня будзем праводзіць набор у ліцэйныя класы. Цяпер яе знялі, такое новае ўказанне. Выходзіць, усіх раўнуюць пад адзін грэбень - каб ніхто не выпінаўся, ні вылучаўся".

Разам з профільнымі і ліцейнымі класамі вырашана "спарадкаваць" і некаторыя прадметы. Ужо вырашана, што старшакласнікам не патрэбны спевы і маляванне, "Сусветная мастацкая культура", "Чалавек. Грамадства. Дзяржава". Знікне як асобны прадмет "Гісторыя Беларусі".

Іна, мама 15-гадовага Толіка абурана: "Такое адчуванне, што сядзяць службоўцы, якім няма чаго рабіць. Яны дзяцей, мусіць, бачылі апошні раз на практыцы, калі ў інстытуце вучыліся. Сядзяць і выдумляюць, як ім сябе заняць. Прадмет "Сусветная мастацкая культура", які развівае дзяцей, дзякуючы якому яны хоць уяўленне маюць, хто кампазітар, а хто мастак, прыбіраюць. З гэтымі рэформамі… Нездарма кітайцы жадаюць ворагу, каб той жыл у эпоху зменаў. Мне толькі не зразумела, чаму праграмы змяняюць, рэформы ладзяць не адмыслоўцы па адукацыі, а службоўцы?"

З настаўнікаў у беспрацоўныя?

Няясна і што будзе з настаўнікамі, прадметы якіх, на думку службоўцаў, беларускім дзецям не патрэбны. Па розных падліках да 30 тысяч настаўнікаў могуць папоўніць шэрагі беспрацоўных: "Па геаграфіі, напрыклад, было дзве гадзіны на тыдзень, пакідаюць адну гадзіну. З-за скарачэння ў нас адзін настаўнік робіцца лішнім. І гэтак жа па іншых прадметах. Спевы прыбралі, настаўнік усё - не патрэбны. МСК прыбралі, "Чалавек, Грамадства. Дзяржава" прыбралі. Па матэматыцы, англійскай, фізкультуры скарацілі гадзіны. Настаўнікаў з-за гэтага вымушаны скарачаць, толькі ў нашай школе лішнімі сталі дваццаць чалавек".

І настаўнікі і бацькі сыходзяцца ў адным, як і дзесяць гадоў таму, калі краіна пачынала засвойваць 12-годку, так і цяпер, калі ад яе раптам вырашана адмовіцца, думкай ні першых, ні другіх нават не пацікавіліся.

"Дзесяць гадоў таму нам раптам абвясцілі, што мы будзем вучыцца 12 гадоў. Маўляў, увесь свет так вучыцца. Добра. Так не далі нават давучыцца аднаму выпуску - ужо на фінішы дзецям прэзентуюць наступны эксперымент", - кажа Іна.

Настаўніца менскай сярэдняй школы нібыта апраўдваецца, маўляў, нашай думкай таксама ніхто не цікавіўся: "У Міністэрства адукацыі меркаванне нібыта спыталі. Дарэчы, там мноства людзей было супраць, прычым катэгарычна і цвёрда супраць. Але ніхто жа ўвагу на гэта не звяртае. Нас проста ставяць перад фактам".

Ці варта "варушыць мазгамі"?

Падобна,у тым, што эксперыменты неабходныя, у нашай краіне ўпэўнены толькі Лукашэнка: "Гэта быў пошук. Варушыліся мазгі ва усіх - ад Лукашэнкі да навучэнца. Гэта быў перыяд, калі мы перагледзелі ўсе сістэмы адукацыі ў свеце. Мы спрабавалі ў нешта там паглыбіцца, мы вывучалі. Гэта глабальная праца. Прынята некаторымі лічыць, што яна пайшла з ветрам, грошы змарнавалі. Гэтая праца дазволіла нам адказаць на пытанні, на якія не атрымалі б адказу, не ладзячы гэты эксперымент".

Выходзіць, што Лукашэнка ўвачавідкі прадэманстраваў школьнікам: паварушыш мазгамі - і ўсё пайдзе з ветрам…

Апошнія навіны