BE RU EN

КДБ арыштаваў яшчэ аднаго бізнэсмэна з Літвы (дапоўнена)

  • 10.06.2008, 11:19

Гінтас Зэгерыс, грамадзянін Літвы, які займаецца бізнэсам у Беларусі, ужо тыдзень знаходзіцца ў ізалятары КДБ у Менску. Разам з ім арыштаваны і віцэ-прэзідэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон.

Яны былі арыштаваныя нібыта па падазрэнні ў пасярэдніцтве пры дачы хабару.

Зэгерыс, які працуе ў Менску больш за дзесяць гадоў і мае дазвол на сталае пражыванне ў Беларусі, быў арыштаваны 3 чэрвеня. Аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер. Разам з ім арыштавалі яго партнёра ў бізнэсе Міхаіла Шавельзона, паведамляе літоўскі партал Delfi.

Як паведамляе "Нашай нівы", тэлефон Міхаіла Шавельзона, які зьяўляецца ганаровым віцэ‑старшынёй Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, не адказвае. Старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа пацьвердзіў, што сувязі з Шавельзонам няма прынамсі ад 3 чэрвеня. 3-га чэрвеня Патупа і іншыя прадпрымальнікі тэлефанавалі калегу, каб павіншаваць яго з народзінамі, але тэлефон не адказваў.

Шавельзон вядомы як прадпрымальнік. Ён намесьнік старшыні Саюзу прадпрымальнікаў. Быў дарадцам старшыні "савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу".

Михаил Шавельзон

Тым часам былая жонка Зэгерыса мянчучка Ілона Зэгерене сказала "Летувос рытасу", што пакуль афіцыйныя абвінавачанні яе былому мужу не выказаны. Прадстаўнікі амбасады змогуць наведаць Зэгерыса толькі пасля таго, як ён сам афіцыйна звернецца да іх па дапамогу як грамадзянін Літвы. Да гэтага моманту дыпламаты не маюць права нешта здзяйсняць.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас заявіў літоўскім СМІ, што пакуль ён не атрымліваў афіцыйнай просьбы суайчынніка аб дапамозе.

У студзені 2008 года ў Беларусі быў арыштаваны літоўскі прадпрымальнік Альвадас Яблонскіс – кіраўнік Літоўскай асацыяцыі мытных пасярэднікаў. Яго абвінавацілі ў парушэннях пры афармленні мытных дакументаў. Яблонскіс дагэтуль знаходзіцца пад вартай.

Учора Старшыня Сойма Літвы Чэславас Юршэнас пракаментаваў сітуацыю з арыштам Яблонскіса. Паўгадавое ўтрыманне прадпрымальніка ў следчым ізалятары, на думку старшыні парламента Літвы - "небяспечны сігнал для літоўскіх інвестараў". Пра гэта Юршэнас заявіў у часе сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Літве Уладзімірам Дражыным. Раней Міністэрства эканомікі Літвы распаўсюдзіла заяву, што праз інцыдэнт адносіны дзвюх краін "могуць састынуць".

Па словах віцэ-міністра эканомікі Літвы Вітаўтаса Наўдужаса, Яблонскіс працаваў на ўнутраным рынку Беларусі згодна з вельмі складаным і заблытаным беларускім заканадаўствам. "Праз пэўны час пасля пачатку яго дзейнасці ў Беларусі ўчорашнім днём была прынята папраўка да закону, і ён, відаць, мусіў перарахаваць бухгалтэрыю, але не паспеў гэтага зрабіць", - растлумачыў Наўдужас.

Апошнія навіны