Сайт Міністэрства абароны вучыць дзяцей страляць з аўтамата, пісталета і гарматы
- 10.06.2008, 12:20
Міністэрства абароны Беларусі адкрыла на сваім сайце раздзел для дзяцей. У дадатак да падрабязнага аповяду пра войска і вабноты вайсковай службы, новаму пакаленню прапануюць вызначыць сваю трапнасць у стральбе з розных відаў зброі.
На сайце deti.mil.by у падзеле "Гульні" можна адшукаць і пагуляць у флэш-гульні "Трапны стралок - пісталет", "Трапны стралок - аўтамат" і "Гарматны разлік". У рэжыме кампутарнага "шуцера" вы можаце паспрабаваць пастраляць з трох відаў зброі - пісталета, аўтамата і гарматы.
Вайскоўцы таксама прапануюць дзецям сабраць і разабраць аўтамат Калашнікава і паспрабаваць пажыць у вайсковым "Распарадку дня - ад уздыму да адбою..."
"Гуляй і зарабляй ачкі! Калі пашанцуе, цябе чакае адмысловы прыз ад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь" - заклікаюць аўтары сайта.