BE RU EN

Пісьменьніцкі санаторы «Іслач» пайшоў з малатка

  • 10.06.2008, 13:18

Санаторна-прафіляктычны комплекс “Іслач”, які належаў Беларускаму літаратурнаму фонду, прададзены на аўкцыёне за 6 мільярдаў 600 мільёнаў рублёў.

У пераліку – 3 мільёны даляраў, што ўтрая больш за першапачатковы кошт. Пагадненьне пакупніка з Валожынскім райвыканкамам мусіць быць падпісанае не пазьней за 12 чэрвеня. Аднак, хто стаў пакупніком “Іслачы”, не паведамляецца. Атрыманыя ад аўкцыёну грошы будзе пераразьмяркоўваць ліквідацыйная камісія, паведамляе “Радыё Свабода”.

Год таму на рашэньне Вярхоўнага суду Беллітфонд быў зьліквідаваны. Да такога рашэньня спрычынілася Міністэрства юстыцыі, якое палічыла: грамадзкае аб’яднаньне дапусьціла шэраг парушэньняў статутнай дзейнасьці, якія не былі выпраўленыя.

Цяпер вырашаецца лёс маёмасьці, якой валодаў фонд. Перадусім гэта тычыцца санаторыя-прафілякторыя пісьменьнікаў пад Ракавам, збудаванага ў 1986 годзе. За запазычанасьці па аплаце за камунальныя паслугі частка комплексу “Іслач” -- галоўны корпус, тры катэджы, кацельня й жылы дом для абслугі -- была выстаўленая на аўкцыён яшчэ ў 2006 годзе. Сёньня з малатка пайшла ўся пісьменьніцкая маёмасьць.

Дарэчы, першапачатковая цана складала 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў. Такім чынам, за час аўкцыёну яна падвялічылася ў тры разы.

Беллітфонд створаны ў 1992 годзе на базе беларускага аддзяленьня Літфонду СССР і апекаваўся пісьменьніцкай супольнасьцю, спрыяў у выданьні кніг, арганізацыі адпачынку, дапамагаў матэрыяльна. У станаўленьні арганізацыі бралі ўдзел клясыкі беларускай літаратуры -- Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч ды іншыя.

Цяпер сытуацыя іншая – фонд сышоў у падпольле разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, месца якога заняў праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Як кажа старшыня апальнай пісьменьніцкай арганізацыі Алесь Пашкевіч, цяпер не даводзіцца сумнявацца, што і грошы ад продажу санаторыю пойдуць у абыход Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

“Не дзеля гэтага ліквідоўваўся Беллітфонд, каб фонду, сябрам літфонду і сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў дапамагчы. Тут я ніякіх ілюзій, на жаль, ня маю. Белліфтонд і быў зьліквідаваны, як мне бачыцца, дзеля таго, каб разабрацца якраз зь “Іслаччу”. І рукамі не пісьменьнікаў. Была створаная ліквідацыйная камісія па Беллітфондзе і потым ліквідацыйная камісія па “Іслачы”. Паколькі фонд зьліквідавалі, а “Іслач”, якая належыць ліфтонду – асобная ўстанова пісьменьніцкая, яе аўтаматычна зьліквідаваць не маглі. Таму стварылі асобную камісію”, - упэўнены Пашкевіч.

Дагэтуль пісьменьнікі абмяркоўвалі розныя варыянты, каб уратаваць “Іслач” і расплаціцца з пазыкамі. Сярод іншага -- прыцягнуць інвэстараў і зь іх дапамогай адрамантаваць будынак. Ці нават перадаць Дом адпачынку Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта, узамен атрымаўшы перададзены на балянс прэзыдэнцкай адміністрацыі Дом літаратара ці ільготныя пуцёўкі ў “Іслач”.

Апошнія навіны